Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Міхась Стральцоў (14.2.1937 – 23.8.1987)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Таленавітыя кнігі зусім не заўсёды пішуць добрыя й сьветлыя людзі. Таму я ніколі не набіваўся ў сябры да пісьменьнікаў, творчасьць якіх люблю. Але калі ўсё ж наважваўся на бліжэйшае знаёмства, Бог пакуль бярог мяне ад памылак. Так здарылася і ў выпадку зь Міхасём Стральцовым.

Але спачатку, яшчэ ў студэнцкія гады, былі радасныя адкрыцьці ягоных твораў.

Аповесьць-эсэ “Загадка Багдановіча” з балючым разуменьнем, што ў паэта не біяграфія, а – лёс, і з тужлівым прадчуваньнем уласнага лёсу.

Апавяданьне “Сьвет Іванавіч, былы донжуан”, што пачынаецца маёй улюбёнай фразай – “У тэлефоннай будцы былі двое, і я ненавідзеў іх”, фразай, зь якой, магчыма, нарадзіўся наш літаратурны мадэрнізм.

Шэдэўральнае “Смаленьне вепрука” з пранізьлівым подыхам вусьцішнасьці жыцьця...

Ён і ў прозе, і ў паэзіі (але ў прозе ўсё ж найбольш) быў вытанчаны, але гранічна шчыры. Іранічны і самаіранічны, але з такім прыхаваным болем, што часам заходзілася душа.

У тыя задушлівыя гады ягоныя кнігі азонава дыхалі неўтаймоўнай інтэлектуальнай свабодай. За гэта трэба было разьлічвацца.

У 1981-м Стральцоў быў зьняволены ў “лячэбна-працоўны прафілякторый”.

“Жыву, як выгнаны патрыцый...” – пісаў ён, гледзячы на сьвет праз закратаваныя вокны.

...Згадваю яго ў глыбокім экзыстэнцыяльным здумленьні каля фрэскі зь верагодным партрэтам Эўфрасіньні Полацкай.

Згадваю вясёлым і артыстычным на цэнтральным пляцы ў Наваполацку: “Валодзя, дзе Ленін? Куды помнік падзеўся? Здаецца ж, учора не пілі”.

На маёй першай кніжцы пазначана: “Адрэдагаваў на грамадзкіх пачатках Міхась Стральцоў”.

Мне хочацца дадаць:

“Вечны патрыцый нашай літаратуры”.
XS
SM
MD
LG