Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча зачынілі ў спэцкамэндатуры


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевіча, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі ў Баранавічах, міліцыянты адвезьлі ў спэцкамэндатуру. Адміністрацыя ўстановы паабяцала хвораму цяпер на грып апазыцыйнаму палітыку, што яго завязуць у шпіталь. Замест гэтага Статкевіча зачынілі ў інтэрнаце бязь ежы і адпаведных умоваў для лячэньня. Мікалай Статкевіч лічыць, што гэта зроблена, каб ізаляваць яго на час выбарчай кампаніі.

Кіраўнік Берасьцейскага абласнога штабу Аляксандра Мілінкевіча Юры Губарэвіч сёньня меў перадаць апазыцыйнаму палітыку пасьведчаньне аб тым, што Статкевіч зьяўляецца даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта. Але Губарэвічу не ўдалося гэтага зрабіць. Юры Губарэвіч расказаў “Свабодзе”:

(Губарэвіч: ) “Мяне ўжо чакала амаль усё кіраўніцтва гэтай спэцкамэндатуры. Яны забаранілі мне перадаць пасьведчаньне. Але Мікола Статкевіч пасьпеў мне расказаць, што, калі ён вяртаўся з працы дадому да свайго бацькі, там яго ўжо чакалі міліцыянты, супрацоўнікі камэндатуры. Ведаючы, што ён хворы, яны прапанавалі яму сабраць рэчы і паабяцалі завезьці ў шпіталь. Аднак па дарозе Статкевічу сказалі, што ў шпіталь ён не паедзе, а паедзе ў памяшканьне камэндатуры, дзе й будзе далей знаходзіцца і лячыцца”.

У памяшканьні інтэрнату няма магчымасьці згатаваць ваду. Апроч таго, паводле ўнутраных інструкцыяў, там не прадугледжана харчаваньне. Людзі, якія адбываюць пакараньні, мусяць харчавацца самастойна. Раней Мікола Статкевіч казаў, што ў інтэрнаце вельмі халодна.

Апазыцыйны палітык паведаміў, што не выключае адпраўленьня ў нейкі іншы рэгіён, як гэта адбылося з Андрэем Клімавым. Ён упэўнены, што з набліжэньнем даты выбараў супрацоўнікі спэцкамэндатур атрымалі што да палітвязьняў адпаведныя загады.
XS
SM
MD
LG