Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Петкавічы: “Ня тое, што птушак — крадуць нават замкі, на якія тыя дзьверы зачыненыя”


Ягор Маёрчык, Петкавічы, Дзяржынскі раён, Меншчына (эфір 27 лютага) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Жыхар вёскі Петкавічы Ўладзімер Залатар мае шанец атрымаць якую-небудзь прэстыжную міжнародную прэмію, калі раскрые свой рэцэпт змаганьня з пацукамі. На Зямлі гэтых істотаў ужо больш за людзей. У жывёлаў выпрацоўваецца імунітэт да атрутаў, і яны працягваюць няспынна множыцца, навукоўцы ня ведаюць, як спыніць гэты працэс.

А спадар Залатар трымаў паваў. Гэтая птушка мае прыгожыя пёры, але крычыць невыносным голасам. Вяскоўцы сьведчаць, што ад такіх сьпеваў з навакольных хлявоў і склепаў пасыходзілі пацукі ды мышы. Усьлед за імі сабраліся былі суседзі дзядзькі Ўладзімера, але ён у час збыў паваў.

Я заходжу ў адзін з дамоў. Тут знаёмлюся з жыхаркамі Петкавічаў Лідзіяй Катавіцкай і Ларысай Русецкай.

(Русецкая: ) “У яго былі паўлінкі. Так прыгожа было на іх глядзець. Яны яшчэ прыгожа крычалі”.

(Катавіцкая: ) “Яны крэпка крычалі. За сьцяной адразу ягоная птушка — заснуць немагчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведаюць людзі пра небясьпеку птушынага грыпу? Яны гэтага баяцца? Неяк засьцерагаюцца?”

(Катавіцкая: ) “У нас птушка ўся закрытая. А калі птушкі паляцяць, я ня ведаю, данясецца той грып да нас ці не”.

(Русецкая: ) “Выдумваюць гэтыя грыпы. Я ў гэта ня веру. Раней каровіным яшчурам пужалі, а цяпер грыпам — а мы жылі і жыць будзем!”

Мэханік паводле прафэсіі, колішні фэрмэр паводле заняткаў, Уладзімер Залатар жыве з прысядзібнай гаспадаркі. Здабыча штодзённага хлеба займае ў ягоным жыцьці далёка ня першае месца. Ад самага маленства ён захоплены птушкамі. Сёньня на ягоным падворку корміцца болей за тысячу крылатых істотаў: экзатычныя паўднёвыя, беларускія драпежныя і ўжо амаль зьніклыя пароды. Трапілі яны ў Петкавічы рознымі шляхамі: скалечаных лясных прыносілі сябры і дзеці, экзатычных гаспадар атрымліваў у падарунак альбо выменьваў, а некаторыя заляталі ў пасткі.



Размову з Уладзімерам Залатаром мы пачынаем са згадкі пра паваў:

(Залатар: ) “У мяне былі паўліны, добрая прыгожая птушка, але крычыць яна так, што можна звар’яцець”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі корму зьядаюць вашы птушкі за дзень?”

(Залатар: ) “Два мяхі. Я толькі высыпаў, адвярнуўся — павярнуўся, а ўжо няма. Дзякуй старшыні нашага калгасу. Я хаджу да яго на заробкі. Ён мне на заробленыя грошы аддае зернеадкіды. Сама лёгка даглядаць птушак, якія ядуць зерне. Але ёсьць драпежнікі. Для іх вару мяса, разводжу мучных чарвей. Саве хлеба не дасі. Грэх раблю, але часам ёй і вераб’я дам, каб яна не забылася, што такое мяса”.

(Карэспандэнт: ) “Пра птушыны грып — ці ёсьць нейкі страх перад гэтай хваробай?”

(Залатар: ) “Які тут можа быць грып? Няўжо прыляціць дзікая качка, сядзе ў галубятню і будзе нешта кляваць з маімі птушкамі? Мае птушкі вольнага выгулу ня маюць. У нас няма такіх адкрытых сажалак, каб мае качкі кантактавалі зь дзікімі”.

Петкавічы з насельніцтвам тысяча чалавек летась прыдбалі статус аграгарадка. Тут набудавалі некалькі катэджаў ды зрабілі касмэтычны рамонт фэльчарска-акушэрскага пункту і пошты.

Размаўляю зь дзядзькам Віцем, гаспадаром дому, што суседзіць зь сядзібай Уладзімера Залатара.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі ставяцца да таго, што Залатар разводзіць птушак?”

(Віця: ) “Яны равуць з чатырох гадзінаў раніцы. Толькі засьнеш, а яны пачынаюць. Ці прыемна? Хай бы яны здохлі разам з гаспадаром! Зразумейце яшчэ адну рэч: як бы ён там ні прыбіраў, але там шмат гною. Пах ідзе. Ці будзе вам прыемна адкрыць фортку і дыхаць гаўном?”

(Карэспандэнт: ) “Пра птушыны груп ведаеце?”

(Віця: ) “Барані Бог, каб дайшло! Калі тут будзе грып і яны будуць цёгацца — я буду на ўсё гэта глядзець?! А пасьля мне падыхаць?! Натуральна, што я пайду скардзіцца. А калі людзі захварэюць і ўся вёска лясьнецца?.. Вам тады будзе шкада птушак”.



(Карэспандэнт: ) “Тут хутка выбары будуць. Ваш сусед будзе галасаваць за Аляксандра Лукашэнку. А вы за каго?”

(Віця: ) “І я за яго”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ў вёсцы ведаюць пра іншых кандыдатаў: Мілінкевіча, Казуліна?”

(Віця: ) “Чыталі мы пра гэтых казуляў і па тэлевізары глядзім. Якую яны праграму для народу падрыхтавалі? Яны глядзяць, каб усё разваліць. Закрыць нашы банкі і прадпрыемствы і перадаць гэта ўсё за мяжу. У гэтых людзей няма падыходу да народу. А нашай вёсцы працуюць сяляне, і яны гэтую лухту разумеюць”.

Ад 1 сакавіка ў Беларусі пачынае дзейнічаць пастанова Міністэрства аховы прыроды. Паводле дакумэнту, на час пералёту сэзонных птушак гаспадарам прыватных сядзібаў забаронена выпускаць на сьвежае паветра курэй, качак ды індыкоў. Супрацоўнікі санэпідэмстанцыяў павінны абысьці кожную хату і паведаміць пра новыя правілы.

Іосіф Русецкі — пэнсіянэр. Раней ён працаваў вэтэрынарам у тутэйшай калектыўнай гаспадарцы. На небясьпеку распаўсюду птушынага грыпу і на захапленьне свайго суседа Ўладзімера Залатара і ён, так бы мовіць, глядзіць прафэсійным вокам.

(Русецкі: ) “Ён нечым там дурэе, а сапраўднай стрункі гаспадара ў яго няма. Налавіў вераб’ёў, пасадзіў іх за краты. Навошта такое рабіць? Хай яны лётаюць!”



(Карэспандэнт: ) “Да яго нехта прыяжджае? На гэтых птушак людзі глядзяць?”

(Русецкі: ) “Прыяжджаюць трохі. Гэткія ж дзівакі, як і ён. Але захапляцца там асабліва няма чым”.

(Карэспандэнт: ) “Вы жывяце побач з такой колькасьцю птушак. Ці няма тут якой небясьпекі?”

(Русецкі: ) “У птушыны грып я веру слаба, ня веру, што ён перадаецца чалавеку. У нас вялікага залёту дзікіх птушак няма. Таму я лічу, што нічога страшнага тут няма”.

(Карэспандэнт: ) “Хутка ў Беларусі будуць прэзыдэнцкія выбары. За каго людзі будуць галасаваць?”

(Русецкі: ) “За Лукашэнку. Я за яго не агітую, але лепшага я пакуль ня бачу. У Лукашэнкі таксама хапае заскокаў. Можа міністра злаяць, а пасьля падабраць назад. Так робіцца на калгасным сходзе, а тут трэба рабіць цывілізавана — ты ж кіраўнік міжнароднага маштабу. Мой сын у БНФ. Ён зьбіраў подпісы за Мілінкевіча. Я з сынам увесь час сваруся: “Якога табе хрэна патрэбна?! Хто табе што лепшае дасьць”. Я яго ўжо гадоў восем ламаю, і ніяк. Махнуў ужо рукой. Я яму так кажу: “Вы раз асекліся, другі. Што далей? У вашай апазыцыі няма пэрспэктывы”. А сын мне кажа: “Сёньня не атрымалася, атрымаецца заўтра”.



У цэнтры вёскі стаіць воданапорная вежа. У часе нядаўніх моцных маразоў ёмістасьць прарвала. Вада лілася са шчылінаў і замярзала ў паветры. І цяпер над галовамі вяскоўцаў вісіць вялізарны, некалькі мэтраў даўжынёй, лядыш. Закінуўшы галаву, я аглядаю супольны твор безгаспадарлівасьці і прыроды. Побач прыпыняецца дзед Лёня. Ён таксама падымае вочы да неба.

(Лёня: ) “Людзі тут жывуць нядрэнна. Плацяць добра, недзе пад 400 тысяч выходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Уладзімер Залатар разводзіць птушак. Як людзі ставяцца да таго, чым ён займаецца?”

(Лёня: ) “Калі паўзь ягоны дом праходзіш, прыемна паглядзець”.

(Карэспандэнт: ) “Пра птушыны грып ці чулі?”

(Лёня: ) “Чуў. Вэтэрынарная служба працуе нармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль вы ведаеце?”

(Лёня: ) “Чытаў у газэтах”.

Спадар Уладзімер нёс жбан малака. Перахапіўшы мой позірк, спыніўся і патлумачыў — гэта кампэнсацыя. Сена, якое калектыўная гаспадарка выпісвала на ўтрыманьне быдла, бракавала. Людзі пачалі збываць жывёлу. Чым даваць болей корму, калгасу аказалася прасьцей кампэнсаваць малаком. З вуснаў спадара Ўладзімера я пачуў яшчэ адно гледжаньне на стан калектыўнай гаспадаркі:

(Уладзімер: ) “Да нас далучылі палову гаспадаркі. Зрабілі так, каб мы былі крэпкімі, але ў выніку мы станем слабыя. Лепей зрабілі для начальства, але не для нас. Раней у нас было 80 мэханізатараў. Цяпер дадалося 2700 гектараў плошчаў, а мэханізатараў засталося 65”.

(Карэспандэнт: ) “Выбары ідуць. За каго людзі будуць галасаваць?”

(Уладзімер: ) “Фактычна, мы апроч Лукашэнкі гэтых кандыдатаў і ня ведаем”.

(Карэспандэнт: ) “А вы жадалі б ведаць? Ці дастаткова аднаго Лукашэнкі?”

(Уладзімер: ) “Не перашкодзіла б зь імі таксама пазнаёміцца. Але яны пачнуць шмат абяцаць. Мы ж ня ведаем, чым той кандыдат дыхае”.

(Карэспандэнт: ) “Тут у вас жыве Ўладзімер Залатар, які разводзіць птушак. Як вы ставіцеся да ягонага захапленьня?”

(Уладзімер: ) “Чалавек гэтым займаецца ад няма чаго рабіць. Ня тое што ён хворы... Яму папросту няма куды сябе прыстроіць. Хай ён іх разводзіць, але птушыны грып... Калі птушкі там сядзяць закутаныя — хай будуць, а калі пачне выпускаць — зусім іншая справа. Ніхто не застрахаваны ад рознай бяды”.



(Карэспандэнт: ) “Ці хадзілі па Петкавічах спэцыялісты? Ці папярэджвалі, што нельга выпускаць птушку, што нельга дапускаць кантакту зь дзікай птушкай?”

(Уладзімер: ) “Афіцыйна тут ніхто не хадзіў”.

Я ўдосталь наслухаўся меркаваньняў жыхароў Петкавічаў пра магчымы распаўсюд птушынага грыпу і пра занятак Уладзімера Залатара. Вяртаюся да размовы з галоўным героем праграмы:

(Залатар: ) “За тыя дзесяць гадоў, пакуль я трымаю птушак, ніводны чалавек ня кінуў ім семкі. Толькі камяні, а часам страляюць з шарыкавых пісталетаў. Птушкам і ногі перабіваюць, і вочы выколваюць. Людзі ў нас вельмі добрыя. Яны адразу цікавяцца: колькі птушка важыць і ці смачнае ў яе мяса? Я трымаў каля дваццаці фазанаў, восем зь іх скралі. Каб я на дзень зьехаў, паменшала б мая калекцыя. Калі галубы з галубяткі спускаюцца на дарогу, нага кіроўцы аўтаматычна націскае на газ: чым болей заб’еш, тым лепей. У мяне паўсюль стаяць камэры сачэньня. Калі зьяжджаю, уключаю. Божухна, чаго там толькі ні пабачыш! Ня тое што птушак — крадуць нават замкі, на якія тыя дзьверы зачыненыя. Заўсёды так было: чым вышэйшы плот, тым лепшы сусед”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG