Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста са штабу Мілінкевіча пасадзілі ў спэцпрыёмнік


Радыё Свабода У Горадні пасадзілі ў спэцпрыёмнік актывіста гарадзкога штабу Мілінкевіча Вадзіма Саранчукова, і выклікалі ў міліцыю іншых кіраўнікоў штабу Мілінкевіча.

Вадзіма Саранчукова меліся судзіць сёньня, але перанесьлі суд назаўтра, а яго самога пакінулі пад вартай.

Таксама на заўтра кіраўніцтва абласнога штабу Мілінкевіча і актывістаў яго ініцыятыўнай групы выклікалі ў міліцыю.

Паводле намесьніка кіраўніка абласнога штабу Сяргея Мальчыка, гэта зроблена з адзінай мэтай — не дапусьціць, каб хто-небудзь зь іх паехаў заўтра ў Менск падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча.

Сяргей Мальчык зазначыў, што ў якасьці сьведак назаўтра выкліканы ён сам, а таксама кіраўнік абласнога штабу Анатоль Хацько, актывісты Максім Губарэвіч і Эдуард Дмухоўскі.

Віктара Сазонава выклікалі ў аўтаінспэкцыю, каб ён прыбыў на “асабістым аўто”.

Спадар Мальчык лічыць, што міліцыянты зрабілі так, каб на мікрааўтобусе спадара Сазонава 2 сакавіка ніхто ня змог бы паехаць у сталіцу.

Што датычыць Вадзіма Саранчукова, ён пасьпеў паведаміць нашаму карэспандэнту наступнае: калі раніцай ён выйшаў з дому, яго затрымалі два міліцыянты, запатрабавалі дакумэнты. Затым яго даставілі ў пастарунак і, паводле яго, “склалі з галавы” пратакол аб “дробным хуліганстве”.

Яму загадалі адключыць мабільны тэлефон і трымалі да суду.

У Кастрычніцкім раённым судзе ён папрасіў адваката. Адвакат Аляксандар Бірылаў прыехаў пры канцы працоўнага дня. Яны склалі хадайніцтвы: каб працэс перанесьлі назаўтра, і Вадзіма адпусьцілі дахаты. Прыблізна ў 18.30 судзьдзя Жук, аднак, перадумала і пакінула яго пад вартай у спэцпрыёмніку. Суд адбудзецца 2 сакавіка а 9-й раніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG