Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме зрываюць плякаты Мілінкевіча


Радыё Свабода Сябры агітацыйнай групы Аляксандра Мілінкевіча разьвешвалі агітацыйныя матэрыялы ў месцах, якія вызначыў раённы выбаркам. Праз два дні агітацыйных матэрыялаў амаль нідзе няма — іх пазрывалі. Такі загад далі кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў гораду, бо нібыта ня ведалі, што Слонімскі райвыканкам даў месцы на агітацыйныя матэрыялы. А старшыня раённай выбарчай камісіі Алена Мачаліна ўсё ж лічыць, што матэрыялы вывесілі ў неадпаведных месцах.

Са словаў кіраўніка ініцыятыўнай групы Івана Шэгі, перш як ехаць расклейваць агітацыйныя матэрыялы, ён зь сябрамі азнаёміўся зь пералікам вызначаных месцаў.

На некаторых прадпрыемствах і ў арганізацыях, куды яны прыехалі з агітацыйнымі матэрыяламі, кіраўнікі нават ня ведалі пра рашэньне Слонімскага райвыканкаму і не дазволілі расклейваць партрэты і праграму кандыдата Мілінкевіча. Аднак у большасьці месцаў гэта ўдалося зрабіць — прычым, ім паказвалі, дзе можна расклейваць плякаты.

Праз два дні, калі сябры ініцыятыўнай групы прыйшлі праверыць, ці вісяць партрэты і праграмы іх кандыдата, аказалася, што амаль уся агітацыя зьнікла. Кажа Іван Шэга:

(Шэга: ) “Мы праводзілі апытаньне сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў, і высьветлілася, што яны нічога ня ведаюць пра рашэньне Слонімскага райвыканкаму. І яны зьнішчылі нашы агітацыйныя матэрыялы”.

Зрывалі плякаты, як высьветлілася, рабочыя прадпрыемстваў і ўстановаў. Кажа Іван Шэга:

(Шэга: ) “У Доме быту зрываў фатограф, у кінатэатры — кінамэханік, у крамах – прадаўцы. У адной з крамаў заўвагу зрабілі міліцыянты, маўляў, трэба адразу вывешваць партрэты ўсіх кандыдатаў, здымайце хуценька”.

Сёньня Іван Шэга занёс скаргу ў раённую выбарчую камісію, а таксама рыхтуе адпаведную заяву ў пракуратуру і Цэнтральную выбарчую камісію.

Старшыня раённай выбарчай камісіі Алена Мачаліна пераканана, што агітацыйныя матэрыялы сябры ініцыятыўнай групы вывесілі не ў адпаведных месцах:

(Мачаліна ) “Атрымалася, што матэрыялы яны расклеілі не ў адпаведных месцах. Каб нешта павесіць, трэба зьвярнуцца да кіраўніка, і ён скажа, дзе гэта можна зрабіць, а ня вешаць на кожным слупе і дзьвярах”.

У Слоніме дагэтуль агітацыйных матэрыялаў не вывешвалі ні за каго з кандыдатаў, хаця подпісы зьбіралі за ўсіх. Са словаў Івана Шэгі, большасьць іх агітацыйнай прадукцыі ўжо зьнішчылі.
XS
SM
MD
LG