Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы сябар ініцыятыўнай групы Казуліна


Радыё Свабода Сёньня на Гомельшчыне, блізу Лоева, інспэктар ДАІ Аляксандар Чыгарэўскі ды памежнік Алег Казярожац затрымалі на прыватным легкавіку Алега Шабетніка з Рэчыцы, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна. Ён ехаў замовіць памяшканьне для сустрэчы жыхароў райцэнтру з кандыдатам.

Спадара Шабетніка даставілі ў пастарунак, склалі на яго адміністрацыйны пратакол пра парушэньне парадку ўезду ў памежную зону. Начальнік міліцыі Анатоль Хмелянок выпісаў яму штраф 58 тысяч рублёў. Алегу Шабетніку не дазволілі зьвярнуцца да пракурора і выправілі за межы Лоеўскага раёну.

У Навабеліцкім раёне Гомелю сёньня міліцыя затрымала распаўсюднікаў буклетаў Мілінкевіча Леаніда Пліску, Артура Цурбакова, Антаніну і Генадзя Семянцовых. Іх абвінавацілі ў распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў у нявызначаным месцы.

Як упаўнаважаная асоба, супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Максім Фралоў склаў адміністрацыйны пратакол пра парушэньне агітатарамі выбарчага заканадаўства. Затрыманыя накіравалі скаргі на незаконныя дзеяньні міліцыі ў абласную пракуратуру, аблвыканкам і Цэнтральную выбарчую камісію.

Супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі сёньня пяць разоў затрымалі агітатара за Мілінкевіча Андрэя Толчына. У пастарунак выклікалі спэцыялістку ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Ірыну Клімовіч. Як упаўнаважаная гарвыканкамам асоба, яна склала адміністрацыйны пратакол пра парушэньне спадаром Толчыным артыкулу 167 часткі 3 Адміністрацыйнага кодэксу.

Як парушэньні ў пратаколе ўказана і тое, што агітатар даваў у рукі гараджанам буклеты Мілінкевіча ды газэту “Товарищ” з праграмай кандыдата. Паводле прадстаўніцы гарвыканкаму, газэту “Товарищ” агітатар наагул ня меў права раздаваць, паколькі яе няма ў пераліку афіцыйных выданьняў, вызначаных Цэнтравыбаркамам для публікацыі праграмаў кандыдатаў на прэзыдэнта.

Спадару Толчыну паведамілі, што складзены пратакол будзе накіраваны ў суд.
XS
SM
MD
LG