Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жодзінскі актывіст скардзіцца ў пракуратуру


Радыё Свабода У Жодзіне лідэр мясцовай суполкі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі зьвярнуўся ў пракуратуру з патрабаваньнем спыніць у горадзе парушэньні выбарчага заканадаўства, зьвязаныя зь перашкодам агітацыі за Мілінкевіча.

У сваім звароце Аляксей Лапіцкі паінфармаваў пракурора Жодзіна, што прыхільнікі кандыдата Мілінкевіча сутыкаюцца са шматлікімі парушэньнямі іх права на агітацыю. Гэтыя парушэньні тычацца найперш перашкодаў на распаўсюд агітацыйных матэрыялаў ва ўстановах гораду. Вось што спадар Лапіцкі патлумачыў на гэты конт:

(Лапіцкі: ) “Ва ўнівэрсаме нашу прадукцыю павесілі там, дзе яе немагчыма ахоўваць, і там, дзе яна абрываецца пастаянна. І толькі пасьля таго, як я кантактаваў непасрэдна з выбарчай камісіяй, яны пачалі сьпехам вешаць гэтыя плякаты, але выбралі іншыя месцы. І вось мы зноў фіксавалі актам абрыў гэтых плякатаў. Адміністрацыя адмовілася падпісваць акт, але пракуратура цягам трох дзён будзе разьбірацца з гэтай сытуацыяй. У Доме быту быў вельмі прыкры такі выпадак, калі ў нас ужо правісела нармалёва два дні агітацыйная прадукцыя, і перад візытам старшыні выканкаму Васіля Грышчанкі адміністрацыя ўласнаручна паздымала плякаты і нават іх парвала. То бок гэтак рыхтавалася да візыту кіраўніка выканаўчай улады”.

Дырэктар жодзінскага Дома быта Валянціна Лыткіна патлумачыла свае дзеяньні інакш:

(Лыткіна: ) “Старшыня выканкаму знаёміўся з прадпрыемствам. Вядома, да гасьцей заўжды трэба рыхтавацца. Мы там прыбіралі, мылі вокны. Ён паміж вокнамі зьмясьціў гэты партрэт. Мы яго адтуль вынялі, таму што яму там не месца. Ёсьць жа пэўны парадак. Хай вывешвае колькі хоча гэтых плякатаў, але ў адведзеным месцы”.

Як паведаміў Аляксей Лапіцкі, у лісьце да пракурора Жодзіна названыя і кіраўнікі шэрагу іншых гарадзкіх установаў, якія, на думку актывіста дэмакратычнага руху, парушаюць тут выбарчае заканадаўства.
XS
SM
MD
LG