Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пацерпяць прыватныя калекцыі птушак ад птушынага грыпу?


Вячаслаў Кулік, Менск Напрыканцы лютага празь Беларусь будуць вяртацца першыя пералётныя птушкі. З рэгіёнаў, дзе зафіксаваныя ўспышкі птушынага грыпу. Каб прадухіліць інфэкцыю, мясцовыя ўлады патрабуюць забіваць курэй, гусей, качак. Ці пагражае небясьпека зьнішчэньня прыватным калекцыям беларускіх аматараў: галубоў, папугаяў, цэсарак, фазанаў?.. Падрабязнасьці – у дасьледаваньні карэспандэнта Радыё Свабода Вячаслава Куліка.

Арнітолягі дакладна падлічылі, што ў Беларусі распаўсюджаныя птушкі 310 відаў. Зь іх гняздуюцца 226, а мігрыруюць і выпадкова залятаюць яшчэ каля 70 відаў. Для гасьцей з выраю жыхар вёскі Дэкола на Берасьцейшчыне Уладзімер Жукоўскі штогод рыхтуе спэцыяльную лясную дзялянку.

(Жукоўскі: ) “Звалка за агародам была. Там нічога расьці не магло. Садзіў розныя дрэвы, з пусткі зрабіў лес. Ствараю гнёзды для птушак. У мяне іх цяпер больш за 50. Ёсьць таксама шпакоўні і дуплянкі”.

Па словах Уладзімера Жукоўскага, ён ужо атрымаў пісьмовае папярэджаньне Баранавіцкага райвыканкаму аб адказнасьці за прынаду дзікіх птушак. Спраўджваю інфармацыю ў вэтэрынарнага ўрача Віталя Санько.

(Санько: ) “Мы ўсе двары абыходзілі і складалі прадпісаньні. Людзі папярэджаныя, каб птушку трымалі толькі на падворку. А ў выпадку прыкметаў хваробы адразу тэлефанавалі вэтэрынарам ”.

Далей суразмоўца паведаміў, што ўсім работнікам беларускіх птушкафабрык забаронена трымаць хатнюю птушку. “Па загадзе мясцовай улады зводзяць нават курэй-нясушак і жыхары найбліжэйшых вёсак”, -- гаворыць Віталь Санько.

(Санько: ) “Ад гэтай птушкі чалавек сам захварэць можа. Вось у чым справа”.

(Карэспандэнт: ) “Ці здараюцца канфлікты?”

(Санько: ) “Ведаеце, да каго ні зьвярніся, усе кажуць: “А чаго мне баяцца? Мая птушка на падворку, на вуліцу не выходзіць!”



Удакладніць верагоднасьць зьяўленьня ачагоў інфэкцыі прашу старшыню грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” Аляксандра Вінчэўскага.

(Вінчэўскі: ) “Птушыны грып, а гэта паталягічны субтып H5N1, вельмі дрэнна вывучаны. У дзікіх птушак яго знайшлі вельмі мала. Але зараз зьявілася дадатковая інфармацыя, што некаторыя птушкі могуць пераносіць вірусы на крылах. Калі так ёсьць, то, канешне, мажлівая праблема забруджваньня вадаёмаў гэтым грыпам, ён доўга трывае. А таму перасьцярога да хатніх птушак, асабліва гусей і качак. Забараняецца выпускаць іх на рэчкі і вадаёмы. Гэта слушна”.

Паводле арнітоляга Аляксандра Вінчэўскага, прафіляктычныя мерапрыемствы не мінуць у Беларусі прыватныя птушыныя калекцыі. Ці падрыхтаваныя да гэтага іхныя гаспадары? Прапаную знаёмства з Уладзімерам Усенкам, уладальнікам птушынага гарадку ў камунальным двары Мар”інай Горкі.

(Усенка: ) “Вось тут у мяне дробная птушка. Гілі, напрыклад, аўсянкі, дубаносы, шчыглы, чыжы, амадзіны японскія, вогненны ткачык, дубанос...”

(Карэспандэнт: ) “Дзе вы іх набывалі?”

(Усенка: ) “На выставах мяняў, некаторых купляў на рынку, асобных сам лавіў”.

(Карэспандэнт: ) “І якая была максымальная колькасьць птушынай калекцыі?”

(Усенка: ) “Тут і цяпер ня мала. Штук 50 іх у мяне”.



Птушыны гарадок Уладзімера Усенкі найбольш ахвотна наведваюць дзеці. Гаспадар таксама арганізуе экскурсіі для прадпрыемстваў, навучальных устаноў і мясцовага санаторыю. Што робіць сёньня гэты апантаны чалавек для прадухіленьня птушынага грыпу?

(Усенка: ) “Я зараз птушку не выпускаю з вальераў. Даю піць прафіляктычныя мэдыкамэнты”.

Іншыя аматары таксама прыслухоўваюцца да парадаў спэцыялістаў. Аднак не ўзасёды гэты выратоўвае іх ад праблемаў. Так, па словах старшыні Менскага клюб галубятнікаў Яўгена Масьцярова, чыноўнікі Менгарвыканкаму датэрмінова закрылі 4-га студзеня птушыную выставу.

(Масьцяроў: ) “Адкрыцьцё выставы адбылося ў 12 гадзінаў, але далей нам забаранілі ўсе мерапрыемствы.Яны проста вырашылі перастрахавацца. Птушка стаяла здаровая, усе прышчэпкі былі зробленыя. Вядома, вельмі шкада, бо было ўкладзена шмат матэрыяльных і фізычных сродкаў”.

Цікаўлюся ў Яўгена Масьцярова, якія прафіляктычныя засьцярогі прымаюцца зараз?

(Масьцяроў: ) “У Менску зарэгістравана 360 аматараў птушак. У цяперашні час далучыліся гарады Барысаў, Маладзечна, Баранавічы, Слуцк, Гомель, Бабруйск. На дадзены момант мы ўсю сваю птушку пракалолі і прапаілі антыбіётыкамі. Птушка падрыхтаваная да ўсялякіх вірусных захворваньняў. Кантакт між сабою маем штодзённа. І кожны выходны сустракаемся на рынку “Ждановічы”. Прыяжджаюць аматары з усёй Беларусі”.

Галубы, такім чынам, найбольш найбольш падрыхтаваныя да магчымай эпідэміі птушкі. Ну а іншыя? На падворку жыхара ганцавіцкай вёскі Задуб”е Сяргея Сідарэвіча найвялікшая ў рэгіёне калекцыя птушак.

(Сідарэвіч: ) “У мяне восем гатункаў курэй. Гусі халмагорскія, кубанскія, казаркі. Качкі: індыйскія і чубаткі ўкраінскія. Галубы: паштовыя, паўлінавыя, курсачы. Фазаны: залацістыя, срэбныя і паляўнічыя. Цэсаркі: цёмныя ў гарошак і белыя. Нават пара лебедзяў ёсьць. Разам з гусямі ходзяць па падворку. Ёсьць таксама страўсы – дзьве птушкі і самец”.

Вёскі Задубье – лясная, ад яе да Ганцавічаў ажно паўсотні кіляметраў. Як абараніць птушыную калекцыю ў выпадку інфэкцыі?

(Сідарэвіч: ) “Я раней працаваў вэтэрынарным урачом. Людзі й цяпер прыходзяць, просяць дапамагчы. Таксама стараюся сваю птушку дома трымаць. Акрамя таго, падворак знаходзіцца ў такім месцы, што дзікая птушка паблізу сесьці ня можа”.

Дырэктар Інстытуту заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Нікіфараў уваходзіць у Каардынацыйную раду Беларусі на пэрыяд пагрозы птушынага грыпу.

(Нікіфараў: ) “Каардынацыйная рада імкнецца прыняць максымальна ўзважанае рашэньне. Каб яно ня было перагібам. Пры перадачы па інстанцыям, да раёну ці сельсавету напрыклад, могуць адбыцца перабольшваньні”.

Ці ёсьць на сёньня рашэньні пра зьнішчэньне ў нейкім рэгіёне краіны хатніх птушак?

(Нікіфараў: ) “Пакуль ёсьць загад на забарону з 1-га сакавіка выгулу птушак па-за падворкам. Вызначаны зоны рызыкі ля вадаёмаў. Увогуле, калі выконваць патрабаваньні і рэкамэндацыі, то вельмі малы шанец, што нейкім чынам могуць пацярпець і прыватныя птушыныя калекцыі”.
XS
SM
MD
LG