Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць будаваць стасункі з Расеяй Мілінкевіч і Казулін?


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў “Свабоды” адказвае Мечыслаў Грыб — кіраўнік штабу кандыдата Аляксандра Казуліна, Сяргей Калякін — кіраўнік штабу кандыдата Аляксандра Мілінкевіча і сябра штабу Аляксандра Мілінкевіча.

(Спадар: ) “Хацеў бы задаць пытаньне кандыдатам Казуліну і Мілінкевічу. Як яны намерваюцца будаваць дачыненьні з Расеяй: ці будуць працягваць інтэграцыю і ці будуць ісьці на будаваньне саюзу з Расеяй? Таксама хацеў бы даведацца, ці застанецца за расейскай мовай статус дзяржаўнай у Беларусі?”

Адказвае Мечыслаў Грыб — кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна:

(Грыб: ) “Найперш павінны быць прыязныя дачыненьні паміж незалежнай сувэрэннай Беларусьсю і краінамі-суседзямі, як з Усходу, так і з Захаду, з Поўначы і Поўдня. Зразумела, што асаблівы прыярытэт мы будзем надаваць адносінам з Расейскай Фэдэрацыяй, як краінай, ад якой мы залежым пры набыцьці энэрганосьбітаў, дзе мы маем свой вялікі гандлёвы рынак і іншае. Наконт аб’яднаньня ў нейкі там саюз — то мы гэтага пытаньня ня ставім. Аляксандр Уладзіслававіч Казулін прапануе, каб сувэрэнная незалежная Беларусь стала сапраўды сувэрэннай і незалежнай, адкрытай для ўсіх краінаў сьвету. Зразумела, што галоўнай дзяржаўнай мовай павінна стаць беларуская мова. Гэта адназначна. Калі ў нас будзе яшчэ некалькі моваў, то ў гэтым мы таксама нічога дрэннага ня бачым. Бо чым болей чалавек ведае замежных моваў, тым больш ён багаты, тым больш ён адукаваны”.

Адказвае Сяргей Калякін — кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча:

(Калякін: ) “Мы ўсьведамляем, што Расея зьяўляецца стратэгічным партнэрам Беларусі, і таму нам патрэбна будаваць добрыя дачыненьні ва ўсіх галінах. Але пры гэтым мы ня бачым неабходнасьці ствараць нейкія наддзяржаўныя органы.

Мы зыходзім з таго, што Беларусь павінна заставацца незалежнай, сувэрэннай дзяржавай, якая будзе мець добрыя і братэрскія стасункі з Расеяй. Што тычыцца мовы, то мы ня будзем рабіць ніякіх рэвалюцыйных захадаў дзеля скасаваньня цяперашняга двухмоўя, але пры гэтым мы будзем займацца падтрымкай беларускай мовы, якая сёньня знаходзіцца ў заняпадзе. Дарэчы, ніякага двухмоўя ў нас увогуле няма — ёсьць расейская мова. Таму ў нас будзе дзяржаўная праграма падтрымкі беларускай мовы і ўвогуле беларускай культуры”.
XS
SM
MD
LG