Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ раскрыў сцэнар "захопу будынкаў органаў улады"


Радыё Свабода Старшыня КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка заявіў сёньня, што камітэт раскрыў сцэнар сілавога захопу ўлады радыкальнай апазыцыяй пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Сухарэнкі, кропкай адліку павінна было стаць правакацыйная заява кіраўнікоў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якая нібыта ажыцьцяўляла паралельнае назіраньне за выбарамі.

Старшыня КДБ патлумачыў, што пратаколы экзыт-полаў, якія павінны былі пацьвердзіць фальсыфікацыю выбараў, былі канфіскаваныя ў чатырох кіраўнікоў “Партнэрства” пры іх затрыманьні.

Згодна з гэтымі пратаколамі перамогу на выбарах атрымаў Аляксандар Мілінкевіч, за яго прагаласавала 53.7% выбаршчыкаў, за Аляксандра Лукашэнку – 41.3%.

Паводле Сухарэнкі, сцэнар апазыцыі прадугледжваў арганізацыю ў цэнтру Менску шматтысячнага мітынгу пасьля выбараў, падчас якога “ў натоўпе плянавалася ўзарваць выбуховае прыстасаваньне”.

“Зьяўленьне крыві і ахвяраў разьвязвае рукі арганізатарам акцыі пратэсту, пасьля чаго пачынаецца захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў, перакрываецца чыгунка з мэтай поўнага спыненьня функцыянаваньня дзяржавы” – заявіў старшыня КДБ.

Ён сказаў, што меркавалася задзейнічаць баевікоў з Грузіі, Украіны, краінаў былой Югаславіі.

Сьцяпан Сухарэнка паведаміў, што ў офісах “Партнэрства” канфіскавана каля 100 мабільных тэлефонаў зь літоўскімі SIM-карткамі, некалькі дзесяткаў тысячаў даляраў, ноўтбукі і газавы пісталет.

Падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Сухарэнка прадэманстраваў відэазапіс допыту затрыманага сябра “Партнэрства” Цімафея Дранчука, падчас якога ішла размова пра замежнае фінансаваньне дзейнасьці назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Старшыня КДБ заявіў, што фінансаваньне “Партнэрства” ішло праз рэгіянальны аддзел амэрыканскага Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту пры ўдзеле грамадзяніна ЗША Дэвіда Гамільтана.

Паводле Сухарэнкі на гэтую дзейнасьць ў 2006 годзе ЗША выдзелілі 12 мільёнаў даляраў.

Старшыня КДБ папярэдзіў, што камітэту “вядомыя і арганізатары, і выканаўцы. У выпадку спробаў пэўных асобаў пачаць рэалізацыю гэтага сцэнару яны ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці”.

Гл. таксама • С.Калякін: заявы старшыні КДБ – гэта правакацыя
XS
SM
MD
LG