Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаліся сёньня кандыдаты ў прэзыдэнты і іхныя штабы?


Радыё Свабода Сяргей Гайдукевіч атрымаў сёньня запрашэньне на ўдзел ва Ўсебеларускім сходзе. Гэтае запрашэньне прыйшло яму, як дэпутату, у Палату прадстаўнікоў.

Што да агітацыйнай кампаніі, то, паводле спадара Гайдукевіча, ягоны штаб працуе рупліва.

(Гайдукевіч: ) “Расклейваем лістоўкі, выступаем, езьдзім. Усе пункты ў Менску заклеены. Дзесяць-дванаццаць партрэтаў Гайдукевіча. Вось зрываюць штодня, пераклейваем. Партрэты дванаццаці ўзораў, вялікія, малыя. З календарамі праваслаўнымі, каталіцкімі. Ужо паўтары тоны па Менску раздалі”.

Чаму ў спадара Гайдукевіча на агітацыйнай прадукцыі лёзунг “За Беларусь!”, як у Аляксандра Лукашэнкі?

(Гайдукевіч: ) “А чаму ў Лукашэнкі не як у мяне? “За Беларусь!” — гэта лёзунг Гайдукевіча з 2001 году”.

Сёньня па тэлебачаньні ў 18.30 прагучыць другі выступ спадара Гайдукевіча. Аднак яго зьместу штаб не раскрывае, і спадар Гайдукевіч не ўдакладняе, ці будзе гэта новы запіс.

(Гайдукевіч: ) “Цудоўны выступ, замілаваньне проста адно”.

У штабе Аляксандра Казуліна сказалі, што сёньня кандыдат не праводзіць агітацыйных сустрэчаў з выбарцамі. Аднак ён мяркуе сустрэцца з журналістамі амэрыканскіх, францускіх, польскіх і расейскіх выданьняў. Таксама ідзе падрыхтоўка да ўдзелу ва Ўсебеларускім сходзе. Дэлегацыя на чале са спадаром Казуліным будзе спрабаваць зарэгістравацца і прайсьці на сход. Кіраўнік штабу Мечыслаў Грыб кажа, што цяпер асноўная задача — агітацыя і прапаганда.

(Грыб: ) “Аформілі ўсе заказы, павінны з заўтрашняга дня атрымліваць нашу прадукцыю, развозіць, дастаўляць, рабіць заяўкі на выступы ў гарадах, іншых пасёлках”.

Прэсавы сакратар штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін заявіў, што ягоны кандыдат сёньня працягвае выконваць абавязкі кіраўніка краіны, а з выбарцамі сустракаюцца давераныя асобы.

(Косьцін: ) “Сёньня праходзіць сустрэча на “Бархіме”. У Магілёве міністар сацыяльнай абароны Морава сустракаецца ў шэрагу шпіталяў. У Віцебску Андрэйчанка павінен сустрэцца з калектывам віцебскай абласной філярмоніі”.

Спадар Косьцін таксама паведаміў, што агітацыйная прадукцыя спадара Лукашэнкі яшчэ не надрукавана.

(Косьцін: ) “У тых аб’ёмах, якія робяць нашы апанэнты, такога аб’ёму і ня будзе. Аляксандар Рыгоравіч добра вядомы беларускаму выбарцу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG