Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на Гомельшчыне засьцерагаюць птушак ад грыпу H5N1?


Радыё Свабода На Гомельшчыне жыхары 1137 паселішчаў паставілі свае подпісы пад патрабаваньнем вэтэрынарнай службы не выпускаць з 1 сакавіка хатнюю птушку з падворку. Гэта трэба, каб пазьбегнуць заражэньня птушыным грыпам падчас веснавой міграцыі дзікіх птушак.

Прадстаўнік абласной вэтэрынарнай службы Дзьмітры Новік распавёў, што кожны гаспадар, які мае курэй, гусей, качак, індыкоў, паставіў подпіс пад вэтэрынарным загадам не выпускаць з 1 сакавіка хатніх птушак далей за ўласны падворак:

(Новік: ) “У нас ляжыць паўтоны папераў — а, магчыма, і болей. Усе, каму патрэбна, падпісаліся”.

У вёсках сапраўды ведаюць пра небясьпеку птушынага грыпу. Распавядае жыхар вёскі Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёну Генадзь Блоцкі:

(Блоцкі: ) “Куры ўжо ў палоне, ужо не выпускаем. Трэба перасьцерагацца. У нас многа пералятае дзікіх гусей, качак. Канечне, можа быць птушыны грып”.

Падобным чынам разважаюць жыхары шэрагу паселішчаў Петрыкаўскага, Рагачоўскага раёнаў, дзе асабліва шмат рэчак ды вадаёмаў.

Аднак вэтэрынары папярэдзілі далёка ня ўсіх вясковых жыхароў пра мажлівы перанос небясьпечнага вірусу падчас прылёту дзікіх птушак з выраю. Мала хто ведае пра гэта зь невялікіх паселішчаў. Вось што кажа Настасься Цімафееўна зь вёскі Жмурнае Лельчыцкага раёну:

(Настасься: ) “Вэтэрынары? Наконт курачак? Яшчэ не прыходзілі, не былі. Ніхто не глядзеў, не правяраў, ніхто яшчэ ня быў у нас”.

Ці баяцца людзі, што дзікія птушкі прынясуць з выраю небясьпечны вірус?

(Настасься:) “А Бог яго ведае — і баімося, і не баімося. Як Бог дасьць той грып. Шкада, чаго мы бяз птушкі варты”, — кажа Настасься Цімафееўна зь вёскі Жмурнае Лельчыцкага раёну.
XS
SM
MD
LG