Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Францішак Кушаль (16.2.1895 – травень 1968)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Павароты яго жыцьцёвага шляху дагэтуль змушаюць гісторыкаў распачынаць зацятыя спрэчкі. Паколькі “спрачаецца той, хто ня ведае” (Лао-цзы), засяродзімся на фактах, якія не падлягаюць сумневу.

Франук ўсьвядоміў сябе беларусам вельмі рана. Ужо ў школе ён пашыраў сярод cяброў “Нашу Ніву”, а потым стварыў у Івянцы нацыянальную моладзевую суполку.

У лістападзе 1917-га, маючы два баявыя раненьні і званьне штабс-капітана, Кушаль пакінуў расейскую армію і вярнуўся ў родныя мясьціны. Дачуўшыся, што ў Менску адчынілася беларуская кнігарня, ён пешкі вырушыў у няблізкую дарогу. Першым, каго сустрэў у кнігарні, быў Алесь Гарун, які наладаваў падарожніку цэлы мех літаратуры. Трэба меркаваць, што падабраная яна была правільна, бо неўзабаве нядаўні баявы афіцэр завёў знаёмства з Антонам Луцкевічам, Янкам Станкевічам, Браніславам Тарашкевічам, Аркадзем Смолічам...

Францішак Кушаль усё жыцьцё імкнуўся стварыць нацыянальнае войска як галоўную гарантыю незалежнасьці краіны. Гэтая мара прывяла яго ў 1919-м у Беларускую вайсковую камісію. Яму здавалася, што запаведная задума мае шанцы ўрэчаісьніцца ўва ўмовах нямецкай акупацыі ў гады Другой сусьветнай вайны. У сакавіку 1944-га ён узначальвае Беларускую Краёвую Абарону. (Загад аб яе стварэньні быў, дарэчы, падпісаны 23 лютага, у той дзень, калі вялікая частка нашых грамадзянаў з савецкіх часоў сьвяткуе іншае сьвята). Праз год дывізія “Беларусь” на чале з палкоўнікам Кушалем прарывае нямецкі фронт і пераходзіць да амэрыканцаў.

На эміграцыі ён робіцца адным з заснавальнікаў газэты “Бацькаўшчына”, што выдавалася ў Нямеччыне, а, апынуўшыся за акіянам, кіруе Беларускім Амэрыканскім Задзіночаньнем.

Амаль паўстагодзьдзя Францішак Кушаль быў мужам і сябрам нашай выдатнай паэтэсы Натальлі Арсеньневай.

XS
SM
MD
LG