Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія плюсы і мінусы новай "базавай велічыні"?


Радыё Свабода Ад сёньня ў Беларусі чарговы раз падвышаецца памер так званай базавай велічыні. Цяпер яна складае не 29 тысяч, а 31 тысячу рублёў. У асобных катэгорыяў бюджэтнікаў, адпаведна, неістотна падвысіцца і заробак, але непасрэдна адчуюць гэтую зьмену найперш тыя, хто будзе сплачваць штрафы і плаціць за паслугі, прывязаныя да “базавай велічыні”.

У Беларусі да базавай велічыні наўпрост прывязаныя цэны і тарыфы на паслугі дзяржаўных установаў. Да прыкладу, штамп у пашпарце для шматразовага выезду за мяжу ад 1 сакавіка будзе каштаваць 155 тысяч рублёў на пяцігадовы тэрмін — цяпер кожны год ацэньваецца на 31 тысячу, а не на 29. Варта згадаць, што яшчэ год таму базавая велічыня складала 19 тысяч рублёў, што ўскосна сьведчыць пра прыхаваную інфляцыю. Пра гэта гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Па сутнасьці, гэты крок адлюстроўвае тое, што кошты ў нашай краіне пастаянна растуць. І гэта можна лічыць індэксацыяй базавай велічыні на падвышэньне цэнаў. Паколькі да гэтай велічыні прывязаныя і штрафы, і ўнёскі, то, безумоўна, яно нейкім чынам паўплывае на тое, наколькі больш мы будзем плаціць па гэтых катэгорыях. Але зразумела, што размовамі пра “абясцэнены” даляр улада сябе не ўратуе. Бо такое павелічэньне ніяк не паўплывае на адсутнасьць эканамічнай палітыкі ў дзяржаве”.

Ад памеру базавай велічыні наўпрост залежаць судовыя пошліны. Відавочна, што да новых тарыфаў давядзецца прызвычайвацца — перадусім, актывістам апазыцыі, якія з набліжэньнем выбараў усё больш частыя госьці беларускіх судоў. Базавымі велічынямі вымяраюцца ня толькі судовыя штрафы: паездка ў грамадзкім транспарце “зайцам” будзе каштаваць пры сустрэчы з кантралёрам на тысячу рублёў даражэй. За нясвоечасовую падачу падатковай дэклярацыі мінімальны штраф — дзьве новыя базавыя велічыні. Наўпрост адчуюць падвышэньні аўтакіроўцы — штрафы ў Беларусі за парушэньне правілаў руху і раней былі аднымі з самых высокіх у СНД.

А вось заробкі наўпрост ад базавай велічыні не залежаць. Разам падвышаецца толькі стаўка першага разраду, паколькі базавая велічыня — гэта палова стаўкі першага разраду. Цяпер стаўка вырасла да 62 тысяч рублёў. Такім чынам, падвышэньне неістотна тычыцца асобых групаў бюджэтнікаў — перадусім, настаўнікаў і лекараў. У астатніх работнікаў дзяржаўнай сфэры заробак яшчэ раней быў падвышаны на 9%. Дапамога на беспрацоўе, калі чалавек стаіць на біржы працы і прэтэндуе на 1—2 базавыя велічыні, падвышаецца, адпаведна, на 1—2 даляры. Дарэчы, эканаміст Георгі Бадзей лічыць, што мізэрныя памеры грашовай дапамогі беспрацоўным наўпрост фармуюць дзяржаўную статыстыку адсутнасьці беспрацоўя ў Беларусі. Паводле спадара Бадзея, каб выпрасіць у дзяржавы дапамогу, трэба больш патраціць на грамадзкі транспарт.

(Бадзей: ) “Усё правільна: ніхто ня пойде рэгістравацца беспрацоўным, у цэнтры занятасьці, калі дапамога на беспрацоўе крыху большая за 10 даляраў. Дык больш праезьдзіш транспартам, стопчаш абутку, чым атрымаеш гэтай ганебнай нібыта “дапамогі”. Гэта ж абсурд!”

Працаўнікоў недзяржаўнай сфэры навіна закране толькі ў галіне штрафаў.
XS
SM
MD
LG