Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін сустрэўся з генпракурорам Беларусі


Радыё Свабода Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін сустрэўся з генэральным пракурорам Беларусі Пятром Міклашэвічам. Спадар Казулін перадаў яму шэраг заяваў. Сярод іх заява адносна інцыдэнту, які адбыўся каля Нацыянальнага прэс-цэнтру, калі невядомыя перашкодзілі спадару Казуліну і ягоным давераным асобам правесьці прэсавую канфэрэнцыю, прымянілі грубую фізычную сілу і спэцсродак.

Аляксандар Казулін патрабуе, каб пракуратура Беларусі ўстанавіла асобы гэтых невядомых і знайшла злачынцаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Менска.

(Казулін: ) “Я ўвязаў гэтую сытуацыю з адказам з матэлю, дзе наша партыя некалькі разоў спрабавала правесьці зьезд, але матэль блякавалі невядомыя асобы. У афіцыйным лісьце дырэктар матэлю кажа, што невядомыя асобы захапілі будынак, і ён нічога ня мог зрабіць. Таму мы цяпер падаем зыск на матэль.

Я сказаў генпракурору, што ў нас на тэрыторыі Беларусі, верагодна, дзейнічае нейкая банда невядомых асобаў. Гэта ўжо нагадвае той ланцужок, які выходзіць з раней згаданых “эскадронаў сьмерці”. Я сказаў, што я не магу гэта пацьвердзіць, але гэта вельмі нагадвае. Таксама я сказаў, што на маіх давераных асобаў і актывістаў вядзецца масіраваны ціск з боку розных структур. Ідуць пагрозы аб звальненьні з працы і нават аб фізычным узьдзеяньні.

Я папярэдзіў генпракурора, што гэта не дапушчальна. І патрабаваў, каб законнасьць захоўвалася. Таксама я сказаў, што за мной вядзецца пастаянная сьлежка і назіраньне. Я запытаўся ці ёсьць у краіне закон альбо ёсьць такія структуры, якія не падпарадкоўваюцца пракуратуры Беларусі і знаходзяцца па-за кантролем пракуратуры Беларусі”.

Спадар Казулін таксама запатрабаваў, каб пракуратура Беларусі рэагавала па фактам ягоных заяваў, зробленых падчас рэгістрацыі кандыдатам і ў тэлевыступе. Казулін нагадаў: “Там указаны факты парушэньня законнасьці з боку канкрэтных асобаў, у тым ліку спадара Лукашэнкі”. (Падрабязнасьці)
XS
SM
MD
LG