Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка не завагаецца ўжыць сілу ў выпадку пратэстаў"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч заявіў Радыё Свабода, што на ягоную думку ў выпадку пратэстаў у Беларусі пасьля выбараў, Аляксандар Лукашэнка не завагаецца выкарыстаць сілу супраць удзельнікаў акцыяў пратэсту. Са спадаром Машкевічам размаўляў наш варшаўскі карэспандэнт.

Паводле Марыюша Машкевіча, які, акрамя дыпляматычнай дзейнасьці зьяўляецца доктарам гуманітарных навук, спэцыялістам у галіне сацыялёгіі, Аляксандар Лукашэнка ў выпадку масавых пратэстаў напэўна выкарыстае сілу:

(Машкевіч: ) "Лукашэнка ня будзе мець ніякіх ваганьняў і ніякіх абмежаваньняў каб ужыць сілу супраць магчымых пратэстаў. Для гэтага ён рыхтуе цяпер вялікую колькасьць супрацоўнікаў адпаведных структураў. У яго няма выхаду.

Гэта не такая сытуацыя, як з былымі прэзыдэнтамі Расеі ці Ўкраіны, якія могуць сядзець на пэнсіі. Лукашэнка ведае, што якалі ён прайграе, дык усё перавернецца дагары нагамі, абваліцца ўвесь ягоны сьвет, таму ў цяперашняга беларускага кіраўніка няма іншага выхаду, як толькі трымаць уладу да канца".

Цяпер сытуацыю ў Беларусі ўвесь час спрабуюць параўноўваць да ўкраінскіх падзеяў напярэдадні і асабліва пасьля галасаваньня ў апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, шукаючы адказу на пытаньне, ці магчымы ў Беларусі "украінскі варыянт". А як лічыць Марыюш Машкевіч?

(Машкевіч: ) "Мне падаецца, што сытуацыя ў Беларусі значна больш складаная. Хаця я ня так добра ведаю Ўкраіну, але ведаю, што напярэдадні аранжавай рэвалюцыі сытуацыя ва Ўкраіне была лепшай.

Калі казаць пра палітычнае жыцьцё, дык апазыцыйныя палітыкі ва Украіне бралі актыўны ўдзел у ім, а ў Беларусі яны працуюць ледзь не ў падпольлі. Што да мэдыяў, дык там незалежныя мэдыі былі, у Беларусі іх практычна няма.

Ва Ўкраіне быў таксама свой бізнэс, які мог дапамагчы аранжавай рэвалюцыі нават у банальных арганізацыйных пытаньнях – кава, гарбата ці намёты на Майдане. У Беларусі бізнэсмэны, незалежныя ад улады, альбо былі вымушаныя эміграваць, альбо сядзяць у турмах, альбо іх зрабілі банкрутамі. Тут таксама беларусам цяжэй.

Такім чынам стартавая сытуацыя Беларусі значна горшая, чым Украіны перад тымі выбарамі. Таму я б хутчэй не спадзяваўся нейкага румынскага ці кіргізскага варыянту, рэвалюцыі, калі натоўп выйдзе на плошчы, захопіць урадавыя будынкі".

У хуткім часе ў Беларусі зьявіцца новы польскі пасол – ягоная місія ў кантэксьце цяперашніх польска-беларускіх дачыненьняў напэўна ня будзе лёгкай. А што б яму параіў Марыюш Машкевіч?

(Машкевіч: ) "Цяжка даваць парады – цяпер зусім іншая сытуацыя. Я ў 1998-2002 гадах яшчэ мог весьці палітыку "гры на двух фартэпіянах" – утрыманьня кантактаў, абмежаванага супрацоўніцтва з уладамі, і адначасова супрацоўніцтва з мэдыямі, трэцім сэктарам. Я б раіў новаму амбасадару ў пэўным сэнсе вярнуцца да палітыкі падвойнага дыялёгу. Трэба казаць уладам аб тым, што нам не падабаецца, але адначасова рабіць тое, што ў інтарэсах абодвух народаў. Нельга разрываць сувязі паміж краінамі. Мы павінны думаць пра Беларусь у доўгатэрміновай пэрспэктыве, як пра эўрапейскага партнэра, зь якім некалі нашы дачыненьні будуць значна лепшымі".

Сказаў радыё Свабода Марыюш Машкевіч – былы пасол Польшчы ў Беларусі (1998-2002).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG