Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мілінкевіч назваў 2 сакавіка "вырашальным днём"


Радыё Свабода Сёньня, 1 сакавіка, на прэсавай канфэрэнцыі кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч выказаў нязгоду з заявай старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Яна нэгатыўна ацаніла ягоны плян сустрэцца з выбарцамі 2 сакавіка ў Менску а 18-й гадзіне на плошчы Свабоды. Мілінкевіч і кіраўнік ягонага выбарчага штабу Сяргей Калякін заявілі, што сустрэча адбудзецца згодна з выбарчым законам.

Аляксандар Мілінкевіч назваў выбарчую кампанію непразрыстай і няроўнай, якая цяпер перарастае ў форму “жорсткіх рэпрэсіяў”. Ён нагадаў, што сотні актывістаў затрымлівала міліцыя, іх звальнялі з працы і ВНУ. Перасьлед агітатараў за кандыдата ад апазыцыі, якія раздаюць легальныя ўлёткі, спадар Мілінкевіч назваў “тэрорам”. Ён выказаў нязгоду з заявай старшыні ЦВК Лідзяй Ярмошынай, якая сказала, што праваахоўныя органы маюць права ўжыць санкцыі супраць арганізатараў ягонай заўтрашняй сустрэчы з выбарцамі на плошчы Свабоды.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў на гэта, што выбарчае заканадаўства дазваляе сустракацца з выбарцамі ва ўсіх публічных месцах, і менскім уладам загадзя паведамілі месца і час заўтрашняй сустрэчы.

(Мілінкевіч: ) “Заўтра вырашальны дзень у нашых адносінах да таго, што адбываецца ў краіне, да правядзеньня палітычнай кампаніі. Калі ўлада выкарыстае сілу і ня дасьць нам сустрэцца з нашымі выбарцамі, то мы пакінем за сабою права на адэкватныя захады”.

Спадар Мілінкевіч не канкрэтызаваў, якія захады ён мае на ўвазе:

(Мілінкевіч: ) “Я ня буду зараз агучваць, што гэта будзе, улада ідзе на сілавыя спосабы працы, мы сілавымі ня хочам адказваць. Але ёсьць спосабы прымусіць уладу жыць па законе”.

Кіраўніку перадвыбарчага штабу апазыцыйнага кандыдата Сяргей Калякін расцаніў заяву Лідзіі Ярмошынай як правакацыю і падбухторваньне сілавых структураў да незаконных дзеяньняў:

(Калякін: ) “Мы, безумоўна, заўтра будзем праводзіць гэтую сустрэчу, нягледзячы на пагрозы, якія сёньня раздаюцца. Калі ўлада пойдзе на прымяненьне сілы супраць мірнай сустрэчы кандыдата на прэзыдэнта, уся адказнасьць за наступствы будзе на тых, хто будзе чыніць такія дзеяньні і хто да іх заклікаў”.

Спадар Калякін заявіў пра парушэньне правоў на роўную агітацыю, пра незаконныя заклікі чыноўнікаў і дзяржаўных СМІ галасаваць за праўладнага кандыдата.

(Калякін: ) “Такой цынічнай кампаніі Беларусь яшчэ ня ведала. Наўрад ці тое, што адбываецца сёньня, можна назваць выбарамі”.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўчора назвала правакацыяй пляны Аляксандра Мілінкевіча правесьці сустрэчу з выбарцамі ў цэнтры Менску, калі побач у Палацы рэспублікі будзе праходзіць Усебеларускі народны сход. “Гэта несанкцыянаваны мітынг, і Мілінкевіч ня мае права такую сустрэчу арганізоўваць”, — заявіла Ярмошына. Яна лічыць, што гэта сьвядомая арганізацыя масавых беспарадкаў. Яна падкрэсьліла, што ніякага статусу недатыкальнасьці кандыдат на прэзыдэнта ня мае і нясе адказнасьць, як любы грамадзянін.

Лідзія Ярмошына сказала, што праваахоўныя органы маюць права ўжыць санкцыі супраць арганізатараў гэтага мерапрыемства ў адпаведнасьці з законам.
XS
SM
MD
LG