Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі ўрад зьбіраецца ўвесьці "картку паляка"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі ўрад працуе над увядзеньнем гэтак званай "карткі паляка", якая дасьць магчымасьць палякам, што жывуць у іншых краінах, сярод іншага, наведваць Польшчу бязь візаў, ці свабодна вучыцца ў гэтай краіне.

"Увядзеньне карткі паляка – гэта маральны абавязак польскай дзяржавы ў дачыненьні да сваіх былых грамадзянаў", – кажуць прадстаўнікі польскага ўраду і запэўніваюць, што праект адпаведнага закону Сэйм разгледзіць ужо ў наступным месяцы.

Картку паляка змогуць атрымаць асобы польскай нацыянальнасьці, што жывуць цяпер у іншых краінах – Беларусі, Украіне, Расеі і гэтак далей. Дакумэнт дазволіць уяжджаць у Польшчу бязь візы і, што таксама істотна, яго ўладальнікам ня трэба будзе прад''яўляць на мяжы пэўную суму грошай на кожны дзень знаходжаньня ў Польшчы.

Картка паляка дазволіць таксама знаходзіцца на польскай тэрыторыі без абмежаваньняў у часе, вучыцца ў дзяржаўных навучальных установах і карыстацца дзяржаўным мэдычным абслугоўваньнем.

Пра тое, што палякі Беларусі чакаюць прыняцьця закону аб картцы паляка казала ў Варшаве на пачатку лютага непрызнаваная афіцыйным Менскам старшыня СПБ Анжаліка Борыс. Зрабіць гэта ў яе прысутнасьці паабяцаў прэм''ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч.

Між тым адмыслоўцы не выключаюць, што увядзеньне карты паляка можа выклікаць пратэсты з боку краінаў-суседзяў Польшчы, дзе ёсьць польскія меншасьці, як гэта было ў Румыніі, калі картку вугорца сваім былым грамадзянам запрапанавала Вугоршчына.
XS
SM
MD
LG