Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штабы кандыдатаў незадаволеныя абмежаваньнем месцаў для агітацыі


Радыё Свабода Як ідзе выбарчая кампанія ў рэгіёнах.

Старшыня Гарадзенскага абласнога штабу Аляксандра Казуліна Валянцін Аскерка дзеліцца такімі праблемамі:

(Аскерка: ) “Па ўсіх гарадах абмежаваная колькасьць месцаў выдзеленая гарвыканкамамі і гарадзкімі камісіямі, таму, з аднаго боку, быццам бы ўсё дазволена, а зь іншага боку, гэтага дазволенага катастрафічна мала. Як вы лічыце: 30 месцаў для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў на ўсю Горадню – гэта дастаткова? На 4 і 5 сакавіка заплянаваныя сустрэчы з кандыдатам у Смаргоні, Лідзе і Горадні. Натуральна, размова ідзе не пра нармальныя залі. Па-першае, усе яны далёка ад цэнтра – у прыватнасьці, у Горадні. Паводле папярэдніх зьвесткаў, гэтыя залі на 200 – 250 месцаў. З аднаго боку, падкрэсьліваю, быццам бы і месцы ёсьць, перашкодаў ніякіх няма. А зь іншага боку, праводзіць нармальную агітацыйную кампанію ў такіх умовах, мякка кажучы, складана”.

Сябра штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча ў Верхнядзьвінску Валяньціна Лапіцкая распавяла, што толькі два дні таму штаб атрымаў агітацыйныя матэрыялы.

(Лапіцкая: ) “Частка матэрыялаў ужо, што называецца, пайшла “з калёс”, людзі забралі і раздаюць. Літаральна ў суботу гарадзкія ўлады вызначылі месцы разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў. Гэта каля крамаў, фірмаў розных. Цяжкасьці ёсьць у тым сэнсе, што ўсё гэта трэба давесьці да далёкіх вёсачак. Вось тут праблемы, таму што з транспартам цяжка, прыйдзецца абапірацца на тых людзей, у якіх ёсьць машыны. А што тычыцца сустрэч, то пакуль толькі адбыліся сустрэчы ў Полацку, Наваполацку. Сама я была ў Наваполацку, там сабралася вялікая колькасьць людзей. Пакуль ня ведаю, як будзе адносна Верхнядзьвінску, ці прыедзе да нас хто з кандыдатаў. Пакуль мы дакладнай інфармацыі ня маем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG