Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бачаць барацьбу з карупцыяй кандыдаты ў прэзыдэнты


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі абяцаў весьці бязьлітасную барацьбу з карупцыяй. Але ён таксама прызнае, што ў краіне яшчэ многа злачынстваў, зьвязаных з эканамічнымі правапарушэньнямі і карупцыяй. Аляксандар Лукашэнка лічыць, што карупцыя – гэта іржа, якая раз’ядае ўсе станоўчыя працэсы ў грамадзтве. Таксама ён заўважыў, што ў кадравай палітыцы захаваны падыход, якія існаваў у савецкія часы. Як бачаць барацьбу з карупцыяй іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты і іх прадстаўнікі?

Сяргей Гайдукевіч у сваёй перадвыбарчай праграме пазначае гэтую праблему. Маўляў, у краіне існуе цэлая армія зусім непатрэбных чыноўнікаў, і гэта ёсьць спрыяльнай глебай для хабарніцтва. Паводле спадара Гайдукевіча, у краіне ствараюцца ўмовы для ўзмацненьня карупцыі ў дзяржворганах.

Аляксандар Казулін абяцае гэтую тэму закрануць у сваім чарговым тэлевыступе, які прагучыць 2 сакавіка. Ён заяўляе, што будзе змагацца з прычынай, якая нараджае карупцыю.

(Казулін: ) “Лукашэнка прыйшоў у нас на хвалі барацьбы з карупцыяй. І цяпер прымае праграму на бліжэйшыя 20 гадоў аб барацьбе з карупцыяй. Зусім відавочна, што чалавек змагаецца не з карупцыяй, а робіць выгляд. І змагацца трэба з прычынамі, а ня з вынікам. Таму пры праўленьні Лукашэнкі ў нас карупцыя махрова расквітнела. І калі ён застанецца далей, то гэта будзе працягвацца, будзе бачнасьць барацьбы з карупцыяй, а насамрэч яна будзе квітнець”.

Прэсавы сакратар перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін цьвердзіць: маўляў, параўнальна з суседнімі краінамі, у Беларусі карупцыі меней.

(Косьцін: ) “І ў гэтым немалая заслуга Аляксандра Лукашэнкі. Ён трымае гэты аспэкт на кантролі і прымае ўсе меры, каб не дапусьціць распаўсюду гэтай іржы ў нашым грамадзтве. Нагадаю, што прынцып “аднаго вакна” ажыцьцяўляецца, каб дэбюракратызаваць грамадзтва і зьменшыць перадумовы для ўзьнікненьня карупцыі. Апроч таго, строгасьць пакараньня стрымлівае чыноўнікаў ад спакусы”.

Камэнтуючы пазыцыю Аляксандра Мілінкевіча, старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька заўважыў:

(Лябедзька: ) “У нас карупцыя, як агурок у цяплічных умовах. Мы вельмі блізка знаходзімся ад Расеі, практычна займаем адно і тое ж месца па статыстыцы эўрапейскай. Гэта азначае, што ў нас хабарніцтва з карупцыяй квітнеюць. І гэта пацьвярджаюць кіраўнікі фірмаў, якія кажуць, што 85 працэнтаў з іх сыстэматычна даюць хабар чыноўнікам. Таму трэба ствараць умовы, трэба мінімізаваць сыстэму кіраваньня, зьменшыць бюракратычныя перагародкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG