Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагойск: “Праграма дэмакратычнага кандыдата блізкая да тых, паводле якіх жывуць нашы суседзі Прыбалтыка і Польшча” (фота)


Ягор Маёрчык, Лагойск, Меншчына (эфір 23 лютага) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Пакойчык Яніны Жукоўскай знаходзіцца ў будынку, дзе дзьвесьце гадоў таму стаялі коні графаў Тышкевічаў. У колішняй стайні жывуць некалькі сем’яў. З выгодаў тут толькі электрычнасьць. Вада і прыбіральня — на двары, ацяпленьне — дровамі.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вы жывяце ў гэтай хаце?”

(Жукоўская: ) “Ужо пяцьдзясят пяты год”.

(Карэспандэнт: ) “Які стан дому?”

(Жукоўская: ) “А які яго дурань рамантаваў?! Ніхто нічога не рамантаваў! Апошні раз я сама рамантавала пятнаццаць год таму. А цяпер у мяне сілы няма, таму ўсё чорнае”.

(Карэспандэнт: ) “Вам нейкае іншае жытло прапануюць ці не?”

(Жукоўская: ) “Мне ўжо 84 гады. Хто мне цяпер будзе прапаноўваць. Нічога ў нас не будуюць. А калі і будуюць, то толькі за грошы. А ў мяне іх няма. Цяпер на старасьці гадоў — даруй, дзіця, за выраз — я сама сябе б укусіла за мяккае месца, што некалі была дурная. Тут шмат дамоў будавалі. Мне трэба было напісаць заяву, каб абмяняць на аднапакаёку. Я б атрымала кватэру, і сёньня лёжачы плявала б у столь”.

У 1842 годзе прадстаўнікі роду Тышкевічаў адкрылі ў Лагойску першы ў Беларусі гістарычна-археалягічны музэй і бібліятэку. Тры тысячы рэдкіх кнігаў, рукапісаў і мапаў, пяцьсот зь якіх на той момант існавалі ў адным асобніку. Прыйшло ХХ стагодзьдзе. Тышкевічы хто памёр, хто эміграваў. Палац разбурылі, касьцёл зьнішчылі за савецкім часам. Застаўся толькі парк. У Беларусі ён некалі лічыўся адным з самых багатых на рэдкія дрэвы. У знакамітым парку Румянцавых-Паскевічаў ў Гомелі было толькі 70 каштоўных відаў, а тут болей за тры сотні.



Я знаходжуся ў парку і на свае вочы бачу, што сёньня ён болей нагадвае звычайную зялёную зону ў цэнтры гораду. Чаму так сталася? Адна з гараджанак адказвае на гэтае пытаньне сьцісла: “Тутэйшае начальства”.

(Садарыня: ) “Кожны стараўся зрабіць нешта добрае і пакінуць сваю адмеціну. Адзін старшыня падумаў: навошта ў цэнтры парку сад? Дрэвы вырубілі і пасадзілі канадзкі клён. Вельмі прыгожа расло дэкаратыўнае кустоўе… Навошта, каб гэта расло роўнымі шэрагамі? Гэта ўсё вырубілі. Побач зрабілі маленькую танцавальную пляцоўку. Прыйшоў новы кіраўнік. Вырубілі канадзкі клён, зрабілі вялікую танцавальную пляцоўку, якая там існуе і цяпер. Адзін зь кіраўнікоў цікавіўся спортам. Вырашылі пашырыць футбольную пляцоўку і вырубілі шмат дрэваў, у цэнтры парку зрабілі стадыён. Падалося, што гэтага мала. Вырашылі зрабіць хакейную пляцоўку. Пад гэтую справу зноў вырубілі дрэвы. Былі там і тэнісныя корты. Але нічога з гэтага не выкарыстоўвалася”.

У Лагойску дагэтуль няма вуліцы Тышкевічаў, няма і помніку прадстаўнікам гэтага роду. На цэнтральным пляцы пастамэнты Леніна і Маркса, а бронзавы барэльеф князя Эўстафія схаваны ў сутарэньнях будынку раённай вэртыкалі. Ляжыць ён там ужо болей за дваццаць гадоў.

У калідоры райвыканкаму я сустракаю архітэктара Антона Дзьмітрычэнку.

(Карэспандэнт: ) “У Лагойску дагэтуль няма муліцы Тышкевічаў. Калі яна зьявіцца?”

(Дзьмітрычэнка: ) “Такой вуліцы няма. Хочуць перайменаваць вуліцу Камсамольскую. Яна якраз праходзіць ля парку Тышкевічаў”.



(Карэспандэнт: ) “На той жа вуліцы Камсамольскай ёсьць будынак, які раней быў стайняй. Там людзі і надалей будуць жыць?”

(Дзьмітрычэнка: ) “Пакуль няма такіх плянаў — перасяліць людзей”.

Спадар Дзьмітрычэнка дзеліцца яшчэ адной навіной. Заплянаванага раней будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі на вуліцы Менскай ня будзе. У райвыканкаме прыслухаліся да патрабаваньняў жыхароў. Праўда, насельнікі шматкватэрных дамоў на Менскай пра гэта пакуль ня ведаюць. Пра канфлікт яны гавораць так, нібыта ён яшчэ ня скончыўся.

(Спадар: ) “Людзі дазналіся, што хочуць зрабіць аўтазапраўку ў раёне Менскай вуліцы. Народу гэта не спадабалася. Яны сабралі сход, напісалі ліст і занесьлі ў выканкам. Калі тут зьявіцца аўтазапраўка, будзе шмат пабочных людзей. Невядома, што гэта будуць за людзі. Жыхары Менскай вуліцы прызвычаіліся жыць спакойна. Для малых дзетак тут і без таго вельмі напружаны рух. А калі транзытных машынаў стане болей, гэта будзе небясьпечна для дзетак”.

(Карэспандэнт: ) “Як Лагойск пражыў пяць апошніх гадоў?”

(Спадар: ) “Адкрыліся новыя працоўныя месцы. Падаецца, што жыцьцё стала лепей. Народ тут не разбалаваны — ён усяму рады”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі востра стаіць праблема беспрацоўя?”

(Спадар: ) “Стаіць даволі востра. На тым прадпрыемстве, дзе я працую, на адно месца запісана два-тры жадаючых”.

(Карэспандэнт: ) “Вока чапляецца за вашую аўтастанцыю, якая ўяўляе сабой доўгатэрміновую будоўлю. Там два вагончыкі, на адным зь якіх напісана “Пакой для пасажыраў”, а ў другім месьцяцца білетныя касы. Як даўно аўтастанцыя знаходзіцца ў такім стане?”

(Спадар: ) “Мы да гэтага ўжо прызвычаіліся, і нам вока не чапляецца. Калі чалавек жыве ў балоце, яму падаецца, што так і патрэбна. Усё гэта марудзіцца паўтара году. Шкада, што столькі грошай ідзе на Сілічы, а твар гораду застаецца невядомай будоўляй”.



Сытуацыю вакол рамонту аўтастанцыі тлумачыць намесьніца старшыні Лагойскага райвыканкаму Галіна Драгунова. Крыху адхілюся ў бок, пару словаў пра выбары. Калі зборнікі подпісаў прынесьлі ёй на зацьвярджэньне падпісныя аркушы, яна нечакана захварэла. “У мяне нарада, а затым яшчэ адна, а пасьля я зьяжджаю ў Менск”, — такімі словамі спадарыня Драгунова адказала на просьбу пра інтэрвію. Пра аўтастанцыю адгукнулася сьцісла:

(Драгунова: ) “Ужо павінны былі здаць у лютым. У будаўнікоў узьніклі нейкія акалічнасьці, якія не даюць магчымасьць гэтага зрабіць. Павінны былі перабудаваць, каб выгляд быў адпаведны, каб гэта быдла годная візытоўка нашага гораду”.

Што будзе, калі спалучыць пагоркі ў ваколіцах Лагойску, спорт і вялікую палітыку? Атрымаецца гарналыжны комплекс “Сілічы”. Грошы для будаўніцтва бралі зь дзяржаўнага бюджэту. Летась адкрываў яго сам Аляксандар Лукашэнка. Жыхары Лагойску тут працуюць, а катаюцца пераважна менчукі. Я гутару з хлопцам, які захапляецца сноўбордам і штовыходныя наведвае “Сілічы”.

(Спадар: ) “Гэта найлепшы цэнтар, які можа быць у Беларусі. Гэта цэнтар пачатковага ўзроўню, дзе можна навучыцца, дзе можна правесьці час. Людзі, якія прафэсійна займаюцца гарналыжным спортам, могуць там толькі падтрымліваць сваё майстэрства”.

(Карэспандэнт: ) “Летась карэспандэнты “Свабоды” езьдзілі ў “Сілічы”. Яны падлічылі, што на адзін дзень сям’і з трох чалавек патрэбна 80 даляраў мінімальна. Ці зьмяніліся кошты? Ці адпавядаюць кошты роўню саміх “Сілічаў”?”

(Спадар: ) “Кошты амаль не зьмяніліся. Кошты адпаведныя: ва ўсясьветнай практыцы кошт паслугаў у значнай ступені залежыць ад кошту пад’ёмніку. Нашыя пад’ёмнікі дастаткова танныя і таньней быць ня могуць. А гэты спорт толькі для багатых людзей”.

Пераходзім да палітычных тэмаў. У Лагойску ёсьць ініцыятыўная група Аляксандра Мілінкевіча, якая складаецца зь сябраў дэмакратычных партыяў. Гэтыя людзі спрабуюць пераканаць гараджанаў пераадолець страх і ціск ды зрабіць выбар на карысьць дэмакратычнага кандыдата. Групу ачольвае сябра Беларускага Народнага Фронту, супрацоўнік аднаго з тутэйшых прадпрыемстваў Зьміцер Шэвель. Яму і слова:

(Шэвель: ) “Правялі першы этап перадвыбарчай кампаніі — гэта збор подпісаў. Усё прайшло спакойна, безь перашкодаў”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі рэагавалі і што яны казалі, калі даведваліся, што вы зьбіраеце подпісы за дэмакратычнага кандыдата, што ён альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку?”

(Шэвель: ) “Прыхільнікі Лукашэнкі рэагавалі адмоўна. Калі мы пачыналі тлумачыць гэтым людзям, што рэальная альтэрнатыва патрэбная і самому Лукашэнку, каб выбары выглядалі дэмакратычнымі, некаторыя з прыхільнікаў падпісваліся таксама. Вельмі сумна, што моладзь зусім не актыўная. Дваццацігадовыя людзі ня хочуць ні ўдзельнічаць, ні ставіць подпісаў”.

(Карэспандэнт: ) “А з чым вы зьвязваеце такую неактыўную пазыцыю?”

(Шэвель: ) “Тыя людзі, якія далей хочуць жыць актыўна, едуць вучыцца ў Менск. У Лагойску застаюцца толькі тыя, хто пайшоў працаваць. А ім апрача грошай і ўладкаваньня ў асабістым жыцьці нічога ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Якімі аргумэнтамі вы будзеце карыстацца, каб пераканаць прыхільнікаў Лукашэнкі стаць на бок Мілінкевіча?”

(Шэвель: ) “У нас ёсьць суседзі Прыбалтыка і Польшча. Праграма дэмакратычнага кандыдата блізкая да тых, паводле якіх жывуць гэтыя краіны. І таму той час, калі мы будзем так жыць, не далёкі”.

(Карэспандэнт: ) “Як пражыў Лагойск апошнія пяць гадоў?”

(Шэвель: ) “Крыху адрамантавалі дарогі. Зьяўляюцца невялікія фірмы, якія ствараюць працоўныя месцы. Пяць гадоў таму ўсе аўтобусы, што з раніцы ішлі на Менск, былі перапоўненыя. А цяпер гэтая плыня зьменшылася ў два разы. Гэта сьведчыць, што беспрацоўе зьменшылася”.

Найбольшую колькасьць подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча сабраў Мікола Ляшчун. Ён настаўнік, а ў вольны час піша вершы. Некалі спадар Ляшчун выкладаў у Зьмітра Шэвеля. І як прызнаецца сам, час ад часу выкарыстоўваў не зусім пэдагагічныя мэтады, каб адвучыць падлетка ад паленьня. Тады настаўнік пацярпеў паразу, Зьміцер Шэвель смаліць і цяпер. А ў 2006-м яны абодва спрычыніліся да выбараў. Сваімі ўражаньнямі ад першага этапу прэзыдэнцкай кампаніі дзеліцца Мікола Ляшун:

(Ляшчун: ) “Людзі жывуць і мінулым: у іх няма пэрспэктываў і ёсьць абыякавасьць. Я не сказаў бы, што людзі надта зацюканыя. Ёсьць пэўная частка людзей, што цьвяроза глядзяць на палітычныя падзеі, на тое, што робіцца ў краіне. Мне падаецца, у правінцыйных гарадках ёсьць парасткі дэмакратычнай сьвядомасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат людзей падпісаліся за дэмакратычнага кандыдата?”

(Ляшчун: ) “Вельмі мала. Мяне зьдзівіла людзкая абыякавасьць. “А мне ўсё адно, хто будзе”. Былі выпадкі, калі казалі: “У мяне на стале ёсьць кілбаса і гарэлка. Што мне болей трэба?”. Я ня думаю, што гэта страх. Гэта бязьвер’е”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG