Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя шукае Аўтуховіча ўжо тры тыдні


Радыё Свабода Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч уцёк з-пад хатняга арышту са свайго дому ў Ваўкавыску 9 лютага. Дзе хаваецца — невядома. Пад хатні арышт яго зьмясьцілі пасьля 74 дзён галадоўкі пратэсту, якую прадпрымальнік правёў за кратамі. Наш карэспандэнт наведаў базу радыётаксі, якая належыць Аўтуховічу.

Кідаецца ў вочы, што ў офісе прадпрымальніка замест партрэта Аляксандра Лукашэнкі зьявіўся царкоўны абраз. Крымінальная справа на Аўтуховіча аб ухіленьні ад выплаты падаткаў прыпынена. Ягоны калега, дырэктар фірмы “Ніка-транс” Юры Лявонаў мне сказаў, што сёньня таксоўкі, што належаць прадпрымальніку, працуюць як звычайна. Зьмянілася схема работы: кіроўцы рэгіструюцца прадпрымальнікамі і бяруць у арэнду машыны. Пры канцы году Юры Лявонаў разам з калегамі галадаў у падтрымку Мікалая Аўтуховіча, які дамагаўся, каб яго выпусьцілі з-за кратаў.

(Лявонаў: ) “Ну, напэўна мы дапамаглі чымсьці. Хаця я лічу, што асноўнай прычынай таго, што ўдалося зьмяніць меру стрыманьня, была ўсё ж такі асабістая грамадзянская пазыцыя Аўтуховіча, ягоныя мужнасьць і воля, яго нязломнасьць, менавіта гэта”.

Адзін з кіроўцаў апавядае, як ставяцца пасажыры, увогуле жыхары Ваўкавыску да ўцёкаў Мікалая Аўтуховіча:

(Кіроўца: ) “Адны кажуць, што малойца. З нашай уладай ня мог сабе даць рады, змагацца. Не хапала яму ўжо сілаў на галадоўкі. Усё: ён вырашыў, што лепей, напэўна, будзе, калі ён учыніць так, як учыніў. Паколькі, мне здаецца, яго ў любым разе пасадзілі б. Іншыя гавораць, што грошай нахапаў і ўцёк. А ўвогуле ў горадзе большая маса людзей гаворыць, што ён правільна зрабіў”.

Да зьнікненьня ў Мікалая Аўтуховіча заставаліся праблемы са здароўем, гаворыць ягоны сябра Ўладзімер Асіпенка. З таго часу, як Аўтуховіч зьехаў, ён двойчы дасылаў зьвесткі пра сябе.

(Асіпенка: ) “Два паведамленьні я на сваю электронную пошту атрымаў, ён паведаміў, што здароўе не паляпшаецца. І больш нічога пра тое, дзе ён знаходзіцца, чым займаецца, ён не паведамляў”.

Спадар Асіпенка гаворыць, што жонка Аўтуховіча Алена зьехала, дзе яна — ім не вядома. Дачку Кацю глядзіць бабуля. Дарэчы, у школу і са школы Кацю возіць адзін з кіроўцаў — на ўсякі выпадак, каб чаго ня здарылася, зазначае Ўладзімер Асіпенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG