Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушкі з выраю могуць прынесьці птушыны грып


Ганна Соусь, Прага Пачынаецца веснавая міграцыя пералётных птушак у Паўночную Эўропу, Расею і Сярэднюю Азію зь іх зімовак ў афрыканскіх і паўднёваазіяцкіх краінах. Сёлета арнітолягі і навукоўцы занепакоеныя тым, што міграцыя птушак можа пашырыць птушыны грып па ўсім кантынэнце.

Міжнародныя экспэрты арнітолягі цяпер маюць два галоўныя пытаньні: Калі дакладна пералётныя птушкі прыляцяць у гэтыя краны? І ці могуць яны занесьці вірус птушынага грыпу?

Экспэрт доктар Рычард Томас зь міжнароднай арганізацыі, якая дасьледуе жыцьцё птушак, кажа, што пералёт птушак зь зімовак у Афрыцы назад у Эўропу і Азію толькі пачынаецца.

(Томас: ) "Першыя птушкі прыбываюць ў Паўднёвую Эўропу, Гішпанію і паступова яны накіруюцца на поўнач. Ёсьць яшчэ некалькі тыдняў да таго, як гэтыя птушкі паляцяцьу Сярэднюю Азію і Расею і гэтак далей, паколькі там усё яшчэ халодна. І першыя птушкі не прыляцяць туды раней за красавік і травень”.

Доктар Томас кажа, што гэта не адзіны шлях праз Эўропу. Шмат птушак перазімавалі ў Паўднёвай Азіі, Індыі, Банглядэшы. І празь некалькі тыдняў яны будуць вяртацца ў Расею.

Паводле Рычарда Томаса тэорыя, што менавіта пералётныя птушкі зьяўляюцца віноўнікамі і галоўнымі пераносчыкамі вірусу птушынага грыпу, не пацьвердажная пераканаўчымі доказамі.

Ёсьць яшчэ шмат пытаньняў наконт таго, якім чынам распаўсюджваецца птушыны грып. Доктар Томас прапаноўвае супрацьлеглую гіпотэзу. Паводле яго, калі пералётныя птушкі ёсьць асноўнымі пераносчыкамі хваробы, то многія зь іх павінны былі загінуць, напрыклад, у Азіі. Сапраўды ў Азіі было зафіксавана большасьць сьмяротных выпадкаў ад птушынага грыпу. Аднак доктар Томас кажа, што мінулай восеньню і ўзімку не было знойдзена мёртвых вадаплаўных птушак ў Паўднёва-Усходняй Азіі, адкуль, як прадказваюць, птушкі панясуць вірус у Расею. Не было такіх выпадкаў і ў Індыі.

Да таго ж, у Афрыцы, дзе былі зафіксаваныя новыя выпадкі птушынага грыпу, існуе індустрыя птушкагадоўлі. І Рычард Томас уздымае пытаньне, ці сапраўды пералётныя птушкі адказныя за пашырэньне вірусу свойскім птушкам, як традыцыйна лічыцца? Ці можа наадварот? Экспэрт лічыць, што кітайскі экспарт птушкі праз чыгунку ў Эўропу і краіны Азіі адыграў вялікую ролю ў пашырэньні вірусу.

Але незалежна ад таго, празь якіх птушак распаўсюджваецца вірус, застаецца высокая верагоднасьць таго, што пералётныя дзікія птушкі будуць інфікаваныя вірусам птушынага грыпу, адзначаюць экспэрты.
XS
SM
MD
LG