Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людвік Зьвяждоўскі (сьнежань 1829 – 27.2. 1864)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў любіў ставіць капітана Генэральнага штабу Людвіка Зьвяждоўскага ў прыклад іншым падначаленым. Царскі вяльможа і ў страшным сьне ня мог прысьніць, што гэты бліскучы рэспэктабэльны афіцэр з шырокімі знаёмствамі, які ўдзень старанна працаваў у кіраўніцтве Віленскай вайсковай акругі, вечарамі на кансьпірацыйных кватэрах займаецца падрыхтоўкаю вызвольнага паўстаньня ў Літве-Беларусі.

Калі ўвосень 1862-га на стол Назімаву паклалі данясеньне аб падазроных сувязях Зьвяждоўскага, генэрал ня даў веры і абмежаваўся пераводам свайго ўлюбёнца ў Маскву.

Між тым, сярод “сумнеўных” знаёмых Зьвяждоўскага быў нейкі Вікенці Канстанцін Каліноўскі, да якога, дарэчы, пасьля ад’езду Людвіка зь Вільні перайшла пасада старшыні гэтак званага Літоўскага камітэту “чырвоных”. Дакумэнты сьведчаць ня толькі пра частыя спрэчкі двух рэвалюцыянэраў, але і пра іх ідэйную блізкасьць. Абодва былі прыхільнікамі не аднаўленьня Рэчы Паспалітай, а самавызначэньня яе народаў.

Увесну 1863-га Зьвяждоўскі таемна вярнуўся ў Беларусь і стаў на чале паўстаньня ў Магілёўскім ваяводзтве. Пад кансьпірацыйным імем “Тапор” ён асабіста кіраваў адной з найбольш удалых акцыяў інсургентаў – захопам павятовага гораду Горы-Горкі. Людвікам валодала ідэя зрабіць паўстаньне народным і перанесьці яго на тэрыторыю Расеі. Рэальнасьць аказалася бязьлітасна жорсткай да такіх мараў.

Узяцьце Горак было першым і апошнім посьпехам аддзелу Зьвяждоўскага. З суседняй Смаленшчыны яшчэ ляцелі ў Пецярбург панічныя тэлеграмы аб прысылцы дадатковых войскаў, але кінутыя супроць паўстанцаў чатыры рэгулярныя роты і казакі з артылерыяй усё шчыльней сьціскалі кальцо. Каб уратаваць людзей і даць ім шанец прарвацца на захад, Тапор ужо праз тыдзень мусіў распусьціць аддзел, застаўшыся з ад’ютантам, двума інсургентамі і палонным расейскім афіцэрам, лёс якога трэба было неадкладна вырашыць. Гэтыя падзеі адноўленыя ў апавяданьні “Пяць мужчын у лесьнічоўцы”. Шостым зь іх быў я.

Ад таго навальнічнага красавіцкага дня лёс адмераў Зьвяждоўскаму яшчэ год жыцьця. Ён будзе камандаваць Кракаўскай паўстанцкай дывізіяй у Польшчы, трапіць ў рукі карнікаў і скончыць свой 35-гадовы зямны шлях на эшафоце ў горадзе Апатаў. У апошнія хвіліны Людвік узгадае родную Вільню...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG