Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: агітатары за Мілінкевіча пратэстуюць супраць затрыманьняў


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі прадстаўнікі каманды Аляксандра Мілінкевіча выйшлі да гарвыканкаму ды іншых адміністрацыйных будынкаў, каб раздаваць агітацыйныя матэрыялы. Гэта зроблена на знак пратэсту супраць шматлікіх затрыманьняў, канфіскацыі ў распаўсюднікаў буклетаў, складных столікаў, пляншэтаў з партрэтамі Мілінкевіча.

А 12-й гадзіне Андрэй Толчын ды Кацярына Гаравая раздавалі буклеты Мілінкевіча на рагу вуліцаў Савецкай і Сялянскай, дзе разьмяшчаецца Гомельскі гарвыканкам. Гаворыць Кацярына Гаравая:

(Гаравая: ) “Цяпер мы будзем агітаваць тут, пад сьценамі гарвыканкаму, каб бачыла гарадзкая камісія, каб бачылі людзі, што мы не баімся. І каб яны не баяліся таксама. Гэта вельмі станоўча ўзьдзейнічае на дух выбарцаў, настрой людзей. Я спадзяюся, што людзі перамогуць свой страх і 19 сакавіка прагаласуюць за свабоду”.

Каля гадзіны агітатары раздавалі буклеты Аляксандра Мілінкевіча ля гарвыканкаму, дзе ў гэты час засядала гарадзкая выбарчая камісія. І тут нечакана да агітатараў падышоў старшы лейтэнат міліцыі і загадаў ім ісьці ў Цэнтральны пастарунак. Ні агітатарам, ні журналістам міліцыянт сябе не назваў. Рэакцыя спадара Толчына на патрабаваньні міліцыянта была адпаведная:

(Толчын: ) “Што я парушаю? Я раздаю ўлёткі Мілінкевіча. Гэта афіцыйна дазволеныя Цэнтравыбаркамам улёткі за грошы нашых выбаршчыкаў. Парушаюцца мае правы на агітацыю. Можа, трэба адмяніць выбары? Скажыце! Каб быў Лукашэнка пажыцьцёвы цар”.

Праз колькі часу да гарвыканкаму пад’ехала міліцэйская аўтамашына і забрала Андрэя Толчына і Кацярыну Гаравую ў пастарунак. Затрыманы быў і Юрась Захаранка, што раздаваў улёткі за квартал ад гарвыканкаму. Але на месца затрыманых да будынку выканкаму прыйшлі новыя агітатары — Аляксандар Каротчанка ды Марыя Багдановіч. Міліцыянты іх таксама спрабавалі затрымаць, але яны катэгарычна адмовіліся ехаць у пастарунак. Тады міліцыянты папрасілі іх адысьці крыху ад гарвыканкаму. Агітатары пагадзіліся, і канфлікт ня меў працягу.

У гэты дзень іншыя ініцыятыўныя групы, у прыватнасьці, Сяргея Гайдукевіча ды Аляксандра Казуліна, ніяк не выяўлялі сябе ў горадзе. Прыхільнік каманды Казуліна Дзімітры Лінкоў так патлумачыў зацішша:

(Лінкоў: ) “Да нас яшчэ вельмі мала даслалі агітацыйных матэрыялаў. У Менску тлумачаць, што агітацыйныя матэрыялы будуць у вялікай колькасьці распаўсюджвацца непасрэдна перад выбарамі”.
XS
SM
MD
LG