Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Барыс Пятровіч і Валеры Жывалеўскі


Валянціна Аксак, Менск (эфір 25 лютага) Новая перадачы сэрыі “Дом літаратара”.

Літпрацэс


Барыс Пятровіч: “Саюзу беларускіх пісьменьнікаў да 19 сакавіка забаранілі ладзіць вечарыны ў Доме літаратара”

Валянціна Аксак, Менск

На чвэрць сёлета павялічаны аб’ём часопісу “Дзеяслоў”. І сёлета ён пачаў прыходзіць да чытачоў праз падпіску. Пра адметнасьці першага сёлетняга і дваццатага ад часу заснаваньня нумару адзінага незалежнага літаратурнага выданьня краіны распавядае галоўны рэдактар Барыс Пятровіч.

(Барыс Пятровіч: ) “Я думаю, што чытачы, якія падпісаліся на часопіс, павінны яго ўжо атрымаць, ну а астатніх я запрашаю, каб яны шукалі нашае выданьне найперш па тых кнігарнях, якія яшчэ маюць права прадаваць “Дзеяслоў”, ну і ў прыватных распаўсюднікаў”.

(Валянціна Аксак: ) “Удакладніце, калі ласка, што гэта за кнігарні?”

(Пятровіч: ) “Гэта кнігарні, якія не належаць дзяржаўнаму манапалісту — “Белкнізе”, а менавіта — кнігарня “Беларусь”, якая знаходзіцца ў падземным пераходзе “Плошча Перамогі”, ну і “Акадэмкніга”.

(Аксак: ) “На ўвесь Менск толькі дзьве кнігарні… Скажыце, калі ласка, чым адметны першы ў гэтым годзе нумар “Дзеяслову”?”

(Пятровіч: ) “Па-першае, мы працягваем быкаўскую тэматыку. Мы друкуем лісты Васіля Ўладзімеравіча да Еўдакіі Лось, якія абяцалі нашым чытачам. Тут ёсьць інтэрвію Сяргея Шапрана з Уладзімерам Някляевым, якое таксама зьвязана зь імем Васіля Ўладзімеравіча. Апроч таго друкуем два апавяданьні Някляева, якія таксама падкрэсьліваюць гэтую тэматыку. Зь іншых публікацыяў я назваў бы пачатак раману Кастуся Тарасава “Аўдытарская праверка ў Нясьвіжы”, з прозы яшчэ — кінааповесьць Андрэя Федарэнкі “Ланцуг” і несучасныя дзёньнікі Анатоля Кудраўца. З паэзіі гэта Генадзь Бураўкін, Эдуард Акулін, Віктар Ярац, Яўген Вапа. Публікацыя якраз Яўгена Вапы і Юркі Буйнюка, нашых беластоцкіх сяброў — гэта вынік нашай паездкі на дзесяцігодзьдзе фэстывалю “Бязьмежжа”. Мы і надалей будзем працягваць публікаваць творы беларусаў, якія жывуць на Беласточчыне”.

(Аксак: ) “А скажыце, калі ласка, ці будзе ладзіцца вялікая прэзэнтацыя новага нумару часопісу “Дзеяслоў”?”

(Пятровіч: ) “Гэты нумар, як бачыце, дваццаты — юбілейны, можна сказаць. Традыцыйна 25 сакавіка ў нас праходзілі вечарыны з нагоды ўручэньня прэміі “Дзеяслову” — “Залаты апостраф”. Сёлета гэтае ўручэньне мы хацелі правесьці раней, але пакуль што нам, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, адмовілі ў залі Дому літаратара. Сказалі, што да 19 сакавіка заля занятая, і ніякіх вечарынаў да 19 сакавіка праводзіць ня будуць. Спадзяемся, што нейкім чынам нам удасца правесьці ўручэньне прэміі 24 ці 25 сакавіка. Заадно тады і будзе прэзэнтацыя юбілейнага нумару часопісу”.



Нотны сшытак


Традыцыі беларускай гітары

Дзьмітры Падбярэскі, Менск

Чым далей, тым больш ня знаных раней старонак гісторыі беларускай культуры робяцца агульнавядомымі. Вось і гітара, вядомая пад назвай расейскай, аказваецца, прыйшла ў Расею зь Беларусі.

(Дзьмтры Падбярэскі: ) “Найбольшы аўтарытэт у сучаснай гітарнай музыцы Беларусі — гэта Валеры Жывалеўскі, прафэсар катэдры струнных народных інструмэнтаў Беларускай акадэміі музыкі, ляўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады 1983 году. І пры гэтым — выдатны знаўца гісторыі бытаваньня гітары на беларускіх землях. Гутарылі мы пра дзень учорашні і сёньняшні беларускай гітары, але найперш я ня мог не пацікавіцца: колькі ж гітарыстаў навучаецца цяпер у акадэміі?”

(Валеры Жывалеўскі: ) “Кляса гітары ў Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі, цяпер — Беларуская акадэмія музыкі — была адчыненая ў 1977 годзе. Да 1990-х гадоў штогоду прымалі толькі аднаго гітарыста. Ужо пасьля 1990-х пачалі прымаць па два, часам — па тры студэнты. На сёньняшні дзень Беларускую акадэмію музыкі па клясе клясычнай гітары скончылі больш за сорак гітарыстаў”.

(Падбярэскі: ) “А вось тое, што пачалі прымаць больш людзей, — гэта сапраўды сьведчыць пра тое, што гітара пачала набываць ня толькі папулярнасьць, але і прэстыж?”

(Жывалеўскі: ) “Гітара была папулярная на тэрыторыі Беларусі яшчэ зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. У сваіх мэмуарах вядомы расейскі літаратар Фадзей Булгарын (дарэчы, нараджэнец Меншчыны) пісаў, што напрыканцы XVIII стагодзьдзя на Меншчыне амаль кожная бедная шляхцяначка іграла на гітары зь сямю жалезнымі струнамі.

Дарэчы, у Расеі гэты інструмэнт яшчэ ня ведалі, ён быў распаўсюджаны менавіта ў нас. І, напрыклад, такая асоба, як Андрэй Восіпавіч Сіхра, заснавальнік школы прафэсійнай ігры на так званай расейскай сяміструннай гітары, нарадзіўся ў Беларусі і да 28 гадоў жыў і працаваў у мястэчку Высокае Магілёўскай губэрні Аршанскага павету ў доме беларускага памешчыка Вікенція Кукевіча. І толькі пасьля пераехаў у Маскву, а пасьля выгнаньня Напалеона з Расеі — у Санкт-Пецярбург, дзе пачаў займацца выдавецкай, пэдагагічнай і кампазытарскай дзейнасьцю.

Другі заснавальнік прафэсійнай школы ігры — я зноў паўтаруся, на так званай сяміструннай расейскай гітары — Міхаіл Цімафеевіч Высоцкі мае карані беларускія. Так што гітара ў Беларусі заўсёды была папулярная, адзінае, што ў гады колішняга Савецкага Саюзу акцэнт рабіўся на так званыя народныя інструмэнты — балалайку, домру. Але былі забытыя гітара і мандаліна”.

(Падбярэскі: ) “Ці шмат твораў пішуць апошнім часам прафэсійныя кампазытары менавіта для гітары?”

(Жывалеўскі: ) “У першую чаргу трэба назваць Галіну Гарэлаву. Ёй належыць Канцэрт для гітары, струннага аркестру і званоў, сюіта “Успамін аб Нясьвіжы” для гітары і клявэсіна, тры п’есы для гітары і віялянчэлі, цудоўная п’еса для гітары-сола “Мірскі замак”. Акрамя яе, да гітары як сольнага канцэртавага інструмэнту зьвярталіся такія беларускія кампазытары, як Яўген Паплаўскі (камэрны балет “Дзеці сьвятла месяца” для гітары і ансамблю “Клясык-авангард”), Віктар Войцік — п’еса “Эолава арфа” для гітары і струннага квінтэту, Вячаслаў Кузьняцоў — п’еса “Гульня шкляных пэрлаў” для гітары і камэрнага аркестру, Аляксандр Літвіноўскі — цудоўны твор буйной формы “Intovolatura” для гітары сола. Так што беларуская гітарная музыка вядомая ў Эўропе”.

(Падбярэскі: ) “А ці можна сёньня казаць пра існаваньне менавіта беларускай гітарнай школы?”

(Жывалеўскі: ) “Мяркуйце самі. Кляса гітары функцыянуе амаль што ва ўсіх музычных вучэльнях, у Беларускай акадэміі музыкі, у Гарадзенскім і Берасьцейскім філіялах акадэміі. Я ўжо не кажу пра дзіцячыя музычныя школы. Маладая беларуская выканальніцкая школа цяпер ідзе вялікімі крокамі. Навучэнцы музычных школаў, музычных вучылішчаў часам выконваюць кансэрваторскі рэпэртуар, робяцца ляўрэатамі і дыплямантамі міжнародных выканальніцкіх конкурсаў. Вось адказ на вашае пытаньне пра беларускую гітарную школу. Відаць, яна існуе, але яшчэ маладая…”

(Падбярэскі: ) “Тады некалькі словаў пра канцэрт 2 сакавіка”.

(Жывалеўскі: ) “У першым аддзяленьні будуць выступаць салісты і ансамблі. Прагучаць творы Галіны Гарэлавай і Валерыя Жывалеўскага. У другім аддзяленьні будзе выконвацца музыка для гітары і аркестру. Выканаўца — ваш пакорны маэстра”.

(Падбярэскі: ) “Валеры Жывалеўскі, апрача аўтарскіх твораў, мае ў даробку шмат апрацовак беларускіх народных мэлёдыяў. Адзін з такіх твораў — фантазія на тэму песьні “За Сібірам сонца ўсходзіць”. Сярод іншых яна ўваходзіць у рэпэртуар вучня Валерыя Жывалеўскага — студэнта 3 курсу акадэміі музыкі Зьмітра Барысюка”.
XS
SM
MD
LG