Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зноў “Рок-каранацыя”


Радыё Свабода Сёньня ў Менску пасьля двухгадовага перапынку адбываецца цырымонія “рок-каранаваньня”. Будуць названыя пераможцы па выніках мінулага і пазамінулага музычных гадоў.

Упершыню гэтая цырымонія адбылася па выніках 1994 году, і першым уладальнікам галоўнай рок-кароны была група “Крама”. За восем гадоў журналісты і прадусары адзначылі творчасьць “Рублёвай зоны”, “Ляпіса Трубяцкога”, “Нэйра Дзюбэля”, супольнага музычнага праекту “Я нарадзіўся тут”, двойчы — групы “NRM”. Але ў 2002 годзе з розных прычынаў традыцыя перапынілася.

Увосень мінулага году пасьля вялікага канцэрту “Рок за баброў” у Бабруйску арганізатары “Рок-каранацыі” вырашылі аднавіць цырымонію, паколькі за два гады на беларускай сцэне зьявілася шмат новых выканаўцаў, здольных стварыць здаровую канкурэнцыю ранейшым рок-каралям.

У мінулую нядзелю Першы канал Нацыянальнага тэлебачаньня рэзка скрытыкаваў “Рок-каранацыю”, аднак тэлезапіс сёньняшняй цырымоніі ажыцьцяўляе тэлекампанія “Мір”. Ці лёгка было сёлета ў параўнаньні зь мінулымі гадамі наладзіць “Рок-каранацыю”? Прадусар цырымоніі Юры Цыбін тлумачыць:

(Цыбін: ). “Кожны раз было цяжка, але ж сёлета неяк крыху цяжэй. Таму што ўзьнікае шэраг пытаньняў з розных бакоў. З аднаго боку, некаторыя музыкі ставяцца вельмі скептычна да правядзеньня “Рок-каранацыі”; з другога боку — незразумелая сытуацыя з забаронай некаторых групаў. І вось усё гэта накладае нейкі адбітак на падрыхтоўку “Рок-каранацыі”.

Усе, хто ў нас намінаваны ў гэтым годзе, яны ўсе запрошаны, і я спадзяюся, што ўсе яны прыйдуць і, мала таго, яны ўсе выйдуць на сцэну, каб атрымаць узнагароды. Чакаю, што гэта будзе найлепшая цырымонія з усіх, што былі дагэтуль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG