Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кандыдаты бачаць праблему "уцечкі мазгоў" зь Беларусі?


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў Радыё Свабода сёньня адказваюць: Мечыслаў Грыб — кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, Дзьмітры Косьцін — прэсавы сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, Павал Мажэйка — прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

(Ян Савіцкі, Баранавічы: ) “Як сёньняшнія кандыдаты ў прэзыдэнты бачаць такую праблему, як “уцечка мазгоў” — дакладней, інтэлекту — за межы Беларусі? І як яе будуць вырашаць у выніку іх абраньня?”

Адказвае Мечыслаў Грыб, кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна:

(Грыб: ) “Гэтае пытаньне існуе, мазгі і будуць ад нас уцякаць. Трэба для іх умовы стварыць такія, каб мазгі ад нас ня толькі ня ўцякалі, а да нас прыходзілі, у тым ліку іншыя. Гэтае пытаньне вырашаецца проста, але ягонае рашэньне павінна быць выключна эканамічнае, а не адміністрацыйнае. Калі будзе падвышаны жыцьцёвы ўзровень, калі будуць патрэбныя заробкі ў людзей, то яны тут будуць заставацца, і іншыя да нас таксама прыедуць. А адміністрацыйным шляхам нікога нідзе цяпер не прывяжаш”.

Адказвае Дзьмітры Косьцін — прэсавы сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі:

(Косьцін: ) “Наш кандыдат на пасадзе кіраўніка краіны і ажыцьцяўляе праект, які дазволіць вырашыць гэтую праблему пры дапамозе так званай “Крэмніевай даліны” Беларусі. Акрамя таго, цяпер рыхтуюцца шэраг дакумэнтаў, заканадаўчых актаў, якія будуць рэгуляваць навуковую дзейнасьць адносна “ўцечкі мазгоў”. Але ж гэтае пытаньне ўжо больш складанае, і па тлумачэньні трэба зьвяртацца да юрыстаў”.

Адказвае Павал Мажэйка — прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі:

(Мажэйка: ) “Аляксандар Мілінкевіч і ў сваёй праграме сацыяльна-эканамічных зьменаў у Беларусі, і ў шматлікіх выступах неаднаразова падкрэсьліваў неабходнасьць неадкладнага вырашэньня праблемы інтэлектуальнага аслабленьня краіны, якое сталася вынікам непрадуманай і бяздарнай эканамічнай палітыкі сёньняшняй улады. Калі коратка казаць пра вырашэньне праблемы, то гэта інвэстыцыі ў моладзь і навуку. Дзяржава павінна гарантаваць месца працы для моладзі, стварыць магчымасьць вяртаньня ў Беларусь людзей, якія выехалі. Новай уладзе Беларусі будуць патрэбныя людзі, якія закончылі найлепшыя ўнівэрсытэты ў Эўропе ці сьвеце, якія маюць досьвед працы. Таксама ў праграме прадугледжана вырашэньне праблемы іншымі шляхамі — каб маладыя людзі не зьяжджалі зь Беларусі!”
XS
SM
MD
LG