Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на менскіх вуліцах мала агітацыйных перадвыбарчых пікетаў?


Радыё Свабода Агітацыйная кампанія працягваецца ўжо дзесяць дзён. Але ў Менску яе актыўна праводзяць толькі актывісты выбарчых штабоў двух кандыдатаў — Аляксандра Мілінкевіча і Сяргея Гайдукевіча.

Актывісты менскага выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча сёньня арганізавалі агітацыйны пікет у падземным пераходзе станцыі мэтро “Інстытут культуры”. Яны раздавалі людзям асобнікі газэты “Народная Воля” з выбарчай праграмай Мілінкевіча, а таксама ўлёткі з заклікам да выбарцаў прыйсьці 2 сакавіка на плошчу Свабоды на сустрэчу з кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі. Я запытаўся ў актывісткі каманды Мілінкевіча Зоі Хілы, як рэагуюць людзі на іхную працу:

(Хіла: ) “Падыходзяць, бяруць газэты, усе зацікаўленыя. Толькі адзінкі супраць, якія ўжо вызначыліся за Лукашэнку”.

Сярод удзельнікаў агітацыйнага пікету ў асноўным студэнты і хатнія гаспадыні. Яны адзначаюць, што яшчэ на мінулым тыдні людзі з апаскай бралі агітацыйныя матэрыялы, а цяпер бяруць газэты і ўлёткі вельмі ахвотна. Намесьнік кіраўніка менскага штабу Мілінкевіча Аляксей Кавалец распавёў пра этапы агітацыйнай кампаніі:

(Кавалец: ) “Пасьля 2 сакавіка людзі пойдуць ад дзьвярэй да дзьвярэй. Другая задача — паставіць такія пікеты, дзе дасьведчаныя людзі будуць расказваць пра Мілінкевіча”.

Плянуецца таксама некалькі сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча ў розных раёнах Менску.

На спэцыяльных стэндах у горадзе ў асноўным расклееныя плякаты Мілінкевіча і Гайдукевіча. Кіраўнік выбарчага штабу лідэра лібэрал-дэмакратаў Уладзімер Карунас гаворыць, што іх каманда працуе даволі актыўна:

(Карунас: ) “Раскідваем вялікую колькасьць улётак. І клеім. Даём людзям і расказваем. У нас мабільныя брыгады, і мы езьдзім па ўсім горадзе”.

Штабы іншых кандыдатаў, Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Казуліна, такой актыўнай агітацыйнай вулічнай кампаніі пакуль не дэманструюць. Кіраўнік менскага штабу Казуліна Канстанцін Мароз сказаў, што, паводле распрацаванага пляну, агітацыйная кампанія пачнецца 2 сакавіка.

У Менску зьявіліся плякаты і аўтобус з выбарчым лёзунгам Аляксандра Лукашэнкі — “За моцную і квітнеючую Беларусь!”. Прэсавы сакратар выбарчага штабу Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін сказаў Радыё Свабода, што асаблівай патрэбы агітаваць на вуліцах няма, бо іх кандыдат і так добра вядомы.
XS
SM
MD
LG