Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць выбарцы на выступы кандыдатаў у прэзыдэнты?


Радыё Свабода У эфіры першага каналу Беларускага тэлебачаньня і радыё прагучала першая частка выступленьняў кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як на іх адрэагавалі выбарцы? Гэтым у людзей на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі вы тэле- альбо радыёвыступленьні кандыдатаў у прэзыдэнты? Якія вашы ўражаньні?”

(Спадар: ) “Я проста імі не цікаўлюся. Мне сказалі, што там Казулін нібыта нешта казаў, але выбар мне ўсё роўна вядомы — Лукашэнка”.

(Юначка: ) “На жаль, я была на працы — праходзіла практыку і спазьнілася. Хаця вельмі хацела паглядзець”.

(Юнак: ) “Тэлевыступы я слухаў, але я лічу, што гэта ўсё несур’ёзна. Па-першае, Казулін — ну гэта ж усё паказуха, навошта гэта? Мілінкевіч таксама — праграма не адпавядае рэчаіснасьці. І так вядома, што будзе”.

(Спадарыня: ) “Учора я слухала Мілінкевіча і яшчэ Казюкіна — ці кагосьці там? Ведаеце, у мяне склалася ўражаньне, што ў іх такая нянавісьць да асобы Лукашэнкі. Да такой ступені несалідна, несалідна — чаго яны крыўдуюць тады?”

(Юнак: ) “Ня чуў, ніяк не паўплывала. Калі б апазыцыя рабіла што-небудзь, каб памяняць мэнталітэт, то нешта было б магчыма. Нельга сябе падманваць: народ — ён за Лукашэнку. Бо яму з тэлевізіі ўвесь час кажуць, што ў нас найлепшая краіна ў сьвеце. І калі правесьці абсалютна чэсныя, легітымныя выбары, Лукашэнка ўсё роўна выйграе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі вы тэле- альбо радыёвыступы кандыдатаў у прэзыдэнты? Ці паўплывалі гэтыя выступы на ваш будучы выбар?”

(Спадар: ) “Выступленьні добрыя, а як яно насамрэч будзе — невядома”.

(Юначка: ) “Ня слухаю Беларускага радыё — можа, таму і ня чула. А галасаваць буду за каго прыйдзецца, але толькі не за Лукашэнку. Не за яго — за каго-небудзь іншага”.

(Спадар: ) “Я сам ня чуў, бо ў гэты час на працы. Дарэчы, яны досыць рана выступаюць, у шэсьць гадзінаў. Мне падаецца, што лепш было б пазьней, дзесьці гадзінаў на дзевяць. Але жонка чула, яна мне ўсё і пераказвала. Вось Казуліна выступленьне мне спадабалася, а астатніх кандыдатаў не”.

(Юнак: ) “Вы ведаеце, тэлевізіі я ўвогуле не гляджу, бо нас шмат падманваюць. На тэлевізіі вельмі шмат няпраўды. Я буду галасаваць за Мілінкевіча: прынамсі, гэты чалавек абяцаў прыйсьці на адзін тэрмін, даць свабоду прадпрымальнікам, зьнізіць падатковы ціск на іх — і гэтым, магчыма, дамагчыся нейкага росту хаця бы на першых этапах. Па-мойму, гэта важна”.
XS
SM
MD
LG