Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтаўладальнікі хочуць абскардзіць палажэньні Правілаў дарожнага руху


Ігар Карней, Менск Ад 1 красавіка Дзяржаўная аўтаінспэкцыя будзе караць кіроўцаў, якія зьявяцца на дарогах у аўтамабілях з таніраванымі шыбамі. За месяц да ўступленьня ў сілу гэтага пункту Правілаў дарожнага руху (ПДР) асобныя аўтааматары кажуць пра немагчымасьць выкананьня гэтай нормы правілаў – вялікая колькасьць аўтамабіляў амэрыканскай, эўрапэйскай і азіяцкай вытворчасьці сыходзяць з канвэеру ўжо з таніраваным шклом. На знак пратэсту супраць няўзгодненых захадаў дзяржаўных ведамстваў з кіроўцамі бліжэйшым часам на дарогах могуць зьявіцца машыны з белымі крыжамі на шыбах.

У мінулыя выходныя патэнцыйныя парушальнікі дарожнага руху сабраліся на пляцоўцы аўтадрому ў Баравой пад Менскам. Пераважалі ўладальнікі амэрыканскіх міні-вэнаў, якія ў поле зроку ДАІ рызыкуюць трапіць першымі – бальшыня машынаў выходзіць з заводаў ужо з таніраванымі шыбамі. Між тым, аўтааматары кажуць пра нестыкоўкі правілаў зь міжнароднымі нормамі: яшчэ ў канцы 1994 году прэзыдэнцкім указам Беларусь далучылася да пагадненьня “Аб аднолькавых тэхнічных патрабаваньнях да колавых транспартных сродкаў”. Асобным дадаткам ухваленыя “Патрабаваньні да бясьпекі шкла” у адпаведнасьці з міжнароднымі правіламі (ЕЭК ООН №43), якія ўзятыя за дзяржаўны стандарт і для Беларусі. Гаворыць адзін зь ініцыятараў сустрэчы, кіраўнік фірмы ў паслугах таніроўкі Артур Алтунін.

(Алтунін: ) “Статыстыкі, што з-за таніроўкі гінуць людзі, ці са зьяўленьнем таніраваных машынаў павялічылася колькасьць ДТЗ, не існуе. А многія заводзкія машыны ў прыродзе сваёй ня маюць празрыстага шкла, яны адразу выпускаюцца са шклом таніраваным. І гэта ў міжнародных нормах і правілах лічыцца нармалёвай зьявай, нікому гэта не перашкаджае. І ніхто ня можа сказаць, што распрацоўшчыкі такіх аўтамабіляў – недалёкія людзі, якія чагосьці не пралічылі. Узровень патрабаваньняў за мяжой да асабістай бясьпекі чалавека вельмі сур’ёзны”.

Кіроўцы спадзяюцца, што іх пазыцыю пачуюць непасрэдныя складальнікі новых правілаў. Прынамсі, вераць у станоўчы досьвед аўтааматараў Расеі, дзе, паводле новаўводзінаў, машыны з чырвонымі ліхтарамі паваротаў аказаліся па-за законам і асабіста прэм’ер-міністар Міхаіл Фрадкоў быў вымушаны накласьці вета на гэты пункт. Аднак у Беларусі правілы падпісваў Аляксандар Лукашэнка, што патрабуе больш важкіх аргумэнтаў. Працягвае Артур Алтунін.

(Алтунін: ) “У некаторых машынах экстраклясы замена шкла (калі яно, зноў жа, існуе ў прыродзе празрыстае) каштуе 2 тысячы эўра. Для бальшыні гэта непад’ёмна. І зусім не зьяўляецца нармалёвым адказам – маўляў, калі ёсьць грошы на такі аўтамабіль, то знойдуцца грошы памяняць вокны. Бо па забаронах можна зайсьці вельмі далёка – наступным разам можна забараніць машыны колеру “мокры асфальт”, якія дрэнна бачныя на дарозе. А ў пэрспэктыве ўвогуле скасаваць паняцьце аўтамабільнага руху на дарогах”.

11 сакавіка апоўдні ўладальнікі “нестандартных аўтамабіляў” плянуюць наладзіць збор на пляцоўцы ля будынку архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту ў менскім мікрараёне Ўручча. Туды ж будуць запрошаныя прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных ведамстваў.

На здымку: машыны з “крыжаванымі” вокнамі неўзабаве могуць зьявіцца на беларускіх дарогах (фота аўтара)
XS
SM
MD
LG