Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Мілінкевіч скардзіцца ў КДБ, МЗС, ЦВК і АБСЭ (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск Апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта не задаволеныя дзеяньнямі ўладаў, якія не спрыяюць альбо перашкаджаюць вядзеньню іх агітацыйнай кампаніі, а таксама заяўляюць пра няроўныя ўмовы і дыскрэдытацыю ў дзяржаўных СМІ. Тым часам Аляксандр Лукашэнка агітацыі за сябе не вядзе, а Сяргей Гайдукевіч трымае ў таямніцы графік сваіх выбарчых паездак па краіне.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся са скаргамі на адрас генэральнага пракурора, старшыні КДБ, міністра ўнутраных справаў, старшыні Цэнтарвыбаркаму і місіяў назіральнікаў ад АБСЭ і СНД. Як паведаміў намесьнік кіраўніка выбарчага штабу Мілінкевіча Віктар Карняенка, у скаргах зьвяртаецца ўвага на апошнія затрыманьні актывістаў ініцыятыўнай групы міліцыяй і канфіскацыю легальнай друкаванай прадукцыі:

(Карняенка: ) “Мы абскарджваем тое, што нам не даюць весьці выбарчай кампаніі. Складваецца такое ўражаньне, што галоўная задача ўладаў — ня даць весьці агітацыю, нас гоняць у лесапаркавую зону, падалей ад людзей”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік азнаёміўся са скаргай Мілінкевіча. Ён зазначыў, што Цэнтарвыбаркам даваць указаньні сілавым структурам і мясцовым уладам ня можа, але сваю пазыцыю ім ужо выказаў:

(Лазавік: ) “Трэба садзейнічаць правядзеньню сустрэчаў кандыдатаў з выбарцамі, у старшыні ЦВК ужо была размова на гэтую тэму зь міністрам унутраных справаў. Мы лічым, што тут мясцовыя перагібы”.

Кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб сёньня правёў сустрэчу зь міжнароднымі назіральнікамі АБСЭ і заявіў ім пра няроўныя ўмовы для кандыдатаў, выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць А.Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што паводле закону ён павінен быў сысьці ў адпачынак:

(Грыб: ) “Мы ведаем, што Аляксандр Рыгоравіч вылучаецца не на другі, а на трэці тэрмін, але ЦВК яму не прапануе сысьці ў адпачынак, і сам ён гэтага ня робіць. Таму якія ж тут роўныя ўмовы”.

Мечыслаў Грыб нэгатыўна ацаніў прапагандысцкую кампанію дзяржаўных СМІ за Аляксандра Лукашэнку і супраць апазыцыі.

Тым часам Сяргей Гайдукевіч знаходзіцца ў паездцы па Гарадзеншчыне, але адмаўляецца казаць больш падрабязна пра свой маршрут.

Аляксандр Лукашэнка перадвыбарчай агітацыі не праводзіць. Па рэгіёнах езьдзіць кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Віктар Шэйман, які сёньня быў на Віцебшчыне, паведаміў прадстаўнік штабу Дзьмітры Косьцін:

(Косьцін: ) “У яго рабочыя сустрэчы з даверанымі асобамі, прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы, каб узгадніць некаторыя арганізацыйныя дзеяньні. Таксама будзе праведзена некалькі сустрэчаў з выбаршчыкамі, такіх невялікіх, у некалькіх працоўных калектывах”.

Спадар Косьцін паведаміў, што друкаваная агітацыйная прадукцыя за Аляксандра Лукашэнку пакуль што не вырабленая.

Сёньня Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч запісвалі свае другія 30-хвілінныя тэлезвароты да выбарцаў на БТ, якія прагучаць увечары 2 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG