Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Расея ня бачыць іншага варыянту, акрамя Лукашэнкі"


Радыё Свабода Днямі Прагу наведаў вядомы расейскі палітоляг, рэдактар Інтэрнэт-часопісу "Россия в глобальной политике" (globalaffairs.ru) Фёдар Лукьянаў. У студыі Радыё Свабода ён адказаў на некалькі пытаньняў пра беларускія выбары і стаўленьне да іх Расеі й Эўропы.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Лукьянаў, чаму падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі Масква падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку нагэтулькі адназначна і нядвухсэнсоўна? Дастаткова прыгадаць хаця б заяву міністра абароны Расеі Сяргея Іванова, што Расея зробіць усё магчымае, каб прадухіліць “беспарадкі ў Беларусі, кшталту тых, што былі ў іншых краінах СНД”?"

(Лукьянаў: ) "Я мяркую, што Расея ня бачыць ніякага іншага варыянту. Альтэрнатывы Лукашэнку ня бачаць зараз, ня бачылі і раней, наколькі я ведаю, у 2001 годзе ў нефармальных размовах крамлёўскія чыноўнікі дастаткова шчыра казалі пра тое, што асабіста ім Лукашэнка ня надта падабаецца, але паколькі Расея ня можа дазволіць сабе паставіць на кагосьці, хто ня выйграе, хто ня мае гарантаваных шанцаў, то адпаведна ставіць няма на каго, і хай будзе, як будзе.

Сытуацыя падобная, толькі абставіны зьмяніліся. З тае пары Расея ўжо аднойчы паставіла на таго, хто ня выйграў – я маю на ўвазе Януковіча. Вядома, наколькі непрыемна ўсё гэта праходзіла.

Акрамя таго, аб''ектыўна атрымліваецца, што Беларусь застаецца адзінай краінай, якой па меншай меры пры існаваньні цяперашняга прэзыдэнта шлях на Захад закрыты, нават выключана дэкляраваньне гэтага шляху.

Я думаю, што ў Маскве выдатна разумеюць, што любы іншы лідэр – падкрэсьліваю, любы – незалежна ад ягоных поглядаў: камуніст, лібэрал-дэмакрат, няважна хто, але не Лукашэнка, – зможа пераарыентавацца на Захад і яго там сустрэнуць з адкрытымі абдымкамі.

Гэта не азначае тэрміновага ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз, але сытуацыя радыкальна зьменіцца, як яна зьмянілася ва Ўкраіне пасьля перамогі Юшчанкі. А можа нават горш, бо Беларусь з пункту гледжаньня інтэграцыйных пэрспэктываў значна прасьцейшы выпадак, чым Украіна.

Такім чынам размова ідзе, па-першае, аб адсутнасьці рэальнай альтэрнатывы, і па-другое аб нежаданьні парушаць status quo з пэрспэктывай яго пагоршыць.

Вялікіх ілюзіяў наконт Лукашэнкі ў Крамлі няма, але лепш так, чым раскартухаць мурашнік, а потым мець яшчэ аднаго ўдзельніка праграмы эўрапейскага суседзтва, а пасьля, можа, і кандыдата ў Эўразьвяз.

(Карэспандэнт: ) "Як у Маскве ўспрынялі візыты беларускіх апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, добрыя словы, якія прагучалі зь іх вуснаў на адрас Расеі? Ці можа гэта паспрыяць зьмене стаўленьня да іх з боку Крамля?"

(Лукьянаў: ) "Я ведаю, што Мілінкевіч як мінімум двойчы за кароткі час быў у Маскве. І гэта правільна, што ён туды езьдзіць. Цяпер ёсьць пэўнае адрозьненьне ад 2001 году, калі не было нават патэнцыйнага канкурэнта Лукашэнку і Масква проста ня ведала, на каго глядзець.

Зараз сытуацыя лепш, такі чалавек ёсьць, але мне здаецца, што Мілінкевіча ў Маскве ўсур''ёз не ўспрымаюць І справа тут ня ў тым, гаворыць ён добрыя словы пра Расею ці не – проста ягоныя шанцы ня лічацца важкімі. А калі так, то што час губляць?

Хаця ёсьць пэўныя спробы дывэрсыфікаваць палітыку, якія робяцца на працягу апошніх 2-3 гадоў. На экспэртным, каляпалітычным узроўні арганізуюцца сустрэчы з апазыцыяй, узьнімаюцца пытаньні пра правы чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Створаная нават грамадзкая камісія. Гледзячы на тое, хто сябры гэтай камісіі – Сяргей Караганаў, Эла Панфілава, няцяжка зразумець, што гэта пэўныя сыгналы на адрас Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, што Расея ў курсе шмат якіх рэчаў і ягоных сапраўдных намераў.

Але гэта, так бы мовіць, суправаджэньне.

Гаварыць добрыя словы на адрас Расеі, гэта, відаць, правільна. Ня сварыцца з Расеяй – гэта неабходная ўмова посьпеху любога кандыдата.

Але ня думаю, што стаўленьне да Мілінкевіча неяк зьменіцца".

(Карэспандэнт:) "Кантрастам са ўзроўнем сустрэчаў апазыцыйных кандыдатаў у Расеі стала сэрыя сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча ў краінах Эўразьвязу на самым вышэйшым узроўні – бундэсканцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль, прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, Хаўер Салана, Жазэ Барозу. Чаму такое адрозьненьне? Вы сказалі, што Масква лічыць шанцы Мілінкевіча несур''ёзнымі. Але Эўразьвяз ацэньвае іх вышэй?"

(Лукьянаў: ) "Тут некалькі прычынаў. Першае – тое, што беларуская апазыцыя нарэшце ўзгадніла хай ня самага пэрспэктыўнага і яркага, як лічаць некаторыя, але нейкага адзінага кандыдата. Ранейшы кандыдат спадар Ганчарык шмат у каго выклікаў дзіўнае адчуваньне, здавалася, што яго абіралі ад адваротнага. У гэтым сэнсе падобныя крокі Эўропы – гэта своеасаблівая ўзнагарода апазыцыі, якая праявіла пэўную ступень адказнасьці.

Другое – зьмянілася агульная сытуацыя. Раней ў Эўропе былі рэжымы, якія таксама не выклікалі захапленьня ў эўрапейцаў – той жа Кучма, малдаўскі рэжым да нядаўняга часу таксама не лічыўся такім ўжо прагрэсіўным і праэўрапейскім. На гэтым фоне Беларусь, хаця і вылучалася ў вачох эўрапейцаў у горшы бок, але была ў адзінай постсавецкай прасторы. Зараз, як лічыцца, адны зьмяніліся, іншыя, як Варонін, сталі, так бы мовіць, “відушчымі” і выбралі эўрапейскі шлях. А Лукашэнка ўпарціцца, у яго няма аніякіх шанцаў стаць “відушчым”, мяркую, што ў такую ягоную зьмену ніхто не паверыць.

Не ў апошнюю чаргу ўвага да Беларусі вызначаецца тым, што зараз сябрамі Эўразьвязу зьяўляюцца Польшча і Літва, для якіх гэта – адно з галоўных пытаньняў замежнай палітыкі.

Ані Расея, ані краіны Заходняй Эўропы – так званая "старая Эўропа"– не чакалі, што Польшча будзе прэтэндаваць і часткова займаць такое важнае палітычнае мейсца, якое яна заняла.

Трэцяя прычына – гэта дастаткова здаровы разьлік. І гэта адчуваньне вынікае з маіх размоваў з заходнеэўрапейскімі палітыкамі. Ілюзіяў наконт перамогі Мілінкевіча ніхто ня мае, там людзі даволі прагматычныя, але пытаньне ў тым, як ён прайграе.

Як тлумачыў мне адзін, як прынята казаць, высокапастаўлены прадстаўнік адной з эўрапейскіх краінаў, калі кандыдат апазыцыі набярэ 20-25% галасоў, па-першае гэта будзе для Захаду сыгналам, што гэтыя выбары былі больш справядлівымі, чым раней, бо яны пакуль прыкладна гэтак ацэньваюць патэнцыял апазыцыйнага кандыдата. А другое, тое, што калі палітык набірае такі адсотак – гэта ўжо зусім іншая сытуацыя. Гэта даволі сур''ёзная асоба, зь якой далей можна працаваць.

Калі ў Мілінкевіча атрымаецца набраць гэтыя 20-25%, гэта значыць, што пры ўкладаньні рознага кшталту высілкаў, магчыма фінансавых, магчыма прапагандысцкіх, магчыма іншых, ён мае пэрспэктыву. Цяперашні пухнаты эўрапейскі дыван, які раскатваюць перад Мілінкевічам, павінны стымуляваць той электарат, які ў Мілінкевіча ёсьць, каб гэтыя людзі не гублялі надзеі. Калі ён здолее набраць дастаткова вялікую колькасьць галасоў, тады сапраўды пачнецца вялікая гульня. Ня ведаю, па якім сцэнарыі, сэрбскім, украінскім, грузінскім ці па нейкім іншым, але тады будзе пра што гаварыць.

Калі вынік атрымаецца малазначны, з аднаго боку ў вачох Захаду гэта будзе сьведчаньнем таго, што Лукашэнка непапраўны, хаця для іх гэта і зараз у прынцыпе відавочна, але адначасна і пэрспэктываў гэтага кандыдата апазыцыі яны ўжо, мяркую, разглядаць ня будуць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG