Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік "Media Consulta" расказвае пра эўрапейскі мэдыя-праект


Радыё Свабода Гэтымі днямі выйшлі ў эфір першыя праграмы "Акно ў Эўропу”. Паводле кіраўніка праекту і кіраўніка нямецкага холдынгу "Media Consulta" Гаральда Цулаўфа, разам з Радыё Свабода, "Нямецкай хваляй", "Радыё Палёнія" і "Радыё Швэцыя", новы мэдыйны праект Эўракамісіі “зьявіцца чарговай крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі, патрэбу ў якой адчуваюць многія жыхары Беларусі”.

Паводле кіраўніцтва бэрлінскага холдынгу, праграмы "Акно ў Эўропу" будуць мець пэўныя адрозьненьні ад іншых. Яны разьлічаныя пераважна на моладзь і будуюцца ў адпаведнасьці з інтарэсамі гэтай аўдыторыі. У праграмах будзе гучаць шмат музыкі, яны будуць распавядаць пра штодзённае жыцьцё эўрапейцаў, пра іхныя захапленьні, культуру, спорт. З улікам таго, што паступова ўсё больш і больш моладзі ў Беларусі мае доступ да Інтэрнэту, новыя тэле– і радыёпраграмы можна будзе шукаць ня толькі праз спадарожнік, праз звыклыя кароткія хвалі, але глядзець і слухаць на вэб-старонках: www.belradio.fm і tv.rtvi.ru.

(Цулаўф: ) "Калі гаварыць пра радыёпраграмы, якія будуць рыхтаваць беларускія журналісты з "Эўрапейскага радыё", то іх можна пачуць ня толькі на кароткіх хвалях, але таксама і на сярэдніх, у FM-дыяпазоне. Гэта будзе частата 103,4 FM. Гэтае FM-вяшчаньне, разьлічанае на невялікую адлегласьць, будзе ахопліваць некаторыя раёны ў Берасьцейшчыны. Вяшчаньне будзе ісьці з Польшчы праз адну з тамтэйшых радыёстанцыяў. Мы таксама спадзяемся і на ўвядзеньне другой частаты. У любым выпадку для радыёперадаваньня існуюць вельмі добрыя тэхнічныя магчымасьці".

Што датычыць тэлевізійных праграмаў, то, паводле Гаральда Цулаўфа, іх будуць рыхтаваць маскоўская каманда адзінага незалежнага ў Расеі тэлебачаньня "RTVi" ды журналісты нямецкага тэлеканалу "ZDF". Карэспандэнты нямецкага тэлеканалу будуць рабіць рэпартажы з самых розных краінаў Эўразьвязу.

Тэлесыгнал новых тэлеперадач будзе ісьці з Масквы і празь перадатчык у Кёльне рэтрансьлявацца ў Беларусі. Мова будучых праграмаў, якія рыхтуюцца на "RTVi", расейская.

Сюжэты нямецкага "ZDF" будуць дублявацца субтытрамі па-беларуску. Што да радыёперадачаў, то яны будуць выключна беларускамоўнымі.

Спадар Цулаўф падкрэсьліў, што тыя радыёперадачы “Акно ў Эўропу”, якія можна пачуць цяпер, ёсьць пілётнымі. Сапраўдныя паўнавартасныя праграмы пачнуць перадавацца непасрэдна напярэдадні выбараў, адзначае кіраўнік "Media Consulta".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG