Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працуюць штабы кандыдатаў у прэзыдэнты ў рэгіёнах


Радыё Свабода Карэспандэнтка Свабоды высьвятляла гэта ў прадстаўнікоў выбарчых штабоў Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна, Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Мілінкевіча.

Выбарчы працэс на Магілёўшчыне адбываецца не без перашкодаў з боку ўладаў, сьцьвярджае сябра штабу Аляксандра Мілінкевіча Рыгор Кастусёў.

(Кастусёў: ) “Зусім нядаўна былі затрыманыя матэрыялы, якія везьліся зь Менску на Магілёў, якія былі дазволеныя і друкаваліся за кошт сродкаў , што былі выдаткаваныя з боку ўладаў. У апошні тыдзень адбыліся непрыемныя падзеі: абрабаваны офіс БНФ. Што самае цікавае: злодзеі скралі ня толькі тэлефоны, але забралі і матэрыялы для выбарчай кампаніі, газэты. Быў наезд на студэнтаў у Горках, наезд і затрыманьне актывістаў “Маладога фронту”. Зь цягам часу, я думаю, гэтыя наезды будуць мець яшчэ больш выразны характар. Зараз паступіла шмат агітацыйных матэрыялаў, пачынаецца развоз іх па рэгіёнах, сустрэчы з насельніцтвам давераных асобаў Мілінкевіча. Прадстаўнікам уладаў гэта не зусім падабаецца, і робяцца адпаведныя захады”.

Каардынатар перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна па Бабруйску Таіса Кабанчук пакуль на мясцовыя ўлады ня скардзіцца. Хаця і не задаволеная месцамі, якія прапануюць прадстаўнікі “вэртыкалі” для сустрэчаў кандыдата і давераных асобаў з выбарцамі.

(Кабанчук: ) “Сказаць, каб перашкаджалі – не магу. Мы яшчэ толькі пойдзем высьвятляць і падаваць заявы, каб разьмясьцілі матэрыялы нашага кандыдата ў мясцовых газэтах. Мы хочам заявы занесьці ў “Бабруйскае жыцьцё”, “Бобруйский куръер”, ва ўсе газэты мясцовыя, якія ёсьць у Бабруйску. Яшчэ хочам папрасіць мясцовыя ўлады, каб нам дазволілі вялікую залю месцаў на 500-700 для сустрэчаў. Пакуль нам выдзелілі месцы вельмі малыя, на ўскрайках гораду, маленькія залі месцаў на 15, 50. Гэта нас не задавальняе. Перад выступам нашага кандыдата мы раскідалі 4 з паловай тысячы аб’яваў, расклеілі па горадзе, было ўсё спакойна. Паведамілі ўсім, што будзе выступаць Казулін”.

У перадвыбарчым штабе Сяргея Гайдукевіча кажуць, што ідзе праца згодна з напружаным графікам, усе занятыя.

Што да штабу Аляксандра Лукашэнкі, прэсавы сакратар Дзьмітрый Косьцін паведаміў:

(Косьцін: ) “Наш кандыдат вельмі вядомы, таму такіх захадаў, як робяць іншыя кандыдаты, яму рабіць не патрэбна. А наконт працы ў рэгіёнах, гэта больш работа арганізацыйная, падрыхтоўка для распаўсюду некаторых агітацыйных матэрыялаў, сустрэчы ў працоўных калектывах. Аднак такіх значных і масавых сустрэч, як праводзяць іншыя кандыдаты, увогуле не плянуецца”.
XS
SM
MD
LG