Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Ахіла Банольдзі (1821 – 1871)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ня ведаю, як вам, а мне бясконцыя пералікі тых, каго Беларусь аддала іншым культурам, ужо даўно набілі аскоміну. Здаровае нацыянальнае пачуцьцё хоча ўведаць іншае: каго сьвет даў нам? Каго Літва-Беларусь уцягнула ў магічнае кола сваёй гісторыі й культуры?

Гуляючы па Пласа дэ Каталунья ў Барсэлёне, я думаў пра тое, што там 185 гадоў таму прыйшоў на сьвет Джузэпэ Ахіла Банольдзі – сьпявак і танцор, талентам якога некалі захаплялася ўся Беларусь, паплечнік Каліноўскага, паўстанец 1863 году...

Італійская тэатральная сям’я Банольдзі шмат вандравала з опэрнымі трупамі па Эўропе. Выхаванец Лазанскага ўнівэрсітэту, Ахіла у 1840-я гады апынуўся ў Вільні. Сяброўства з Станіславам Манюшкам, зь літаратарам і фальклярыстам Янам Карловічам, сама атмасфэра нашай старажытнай сталіцы зрабіла італійца па крыві ліцьвінам па духу.

У 1862-м Банольдзі разам з Канстанцінам Каліноўскім, Людвікам Зьвяждоўскім ды іншымі лідэрамі вызвольнага руху ўвайшоў у цэнтар падрыхтоўкі паўстаньня – Літоўскі камітэт. На перамовах з Варшавай ён адстойваў самастойнасьць земляў былога Вялікага Княства Літоўскага і права яго народаў на незалежнасьць. У заснаванай ім фотамайстэрні рыхтаваліся нелегальныя выданьні.

У лютым 1863-га Ахіла арыштавалі й кінулі ў сутарэньні Троцкага замку. Ад шыбецы ўратавалі наладжаныя сябрамі дзёрзкія ўцёкі. Часовы паўстанцкі ўрад прызначыў яго сваім прадстаўніком за мяжой, даручыўшы закупкі зброі...

Пасьля паразы паўстаньня ён трымаў у Парыжы моднае фотаатэлье, што дазваляла ня думаць пра хлеб надзённы. Але погляды Банольдзі зноў і зноў прымушалі шукаць сустрэчаў з такімі ж эмігрантамі-выгнанцамі. У час Парыскай камуны ў людзей гэткага кшталту быў адзіны шлях – на барыкады, што ўвасаблялі ў іхніх вачах змаганьне зь любой – і сацыяльнай, і нацыянальнай – несправядлівасьцю.

Банольдзі камандуе эскадронам у арміі, якой кіраваў яшчэ адзін наш суайчыньнік – генэрал Валер Урублеўскі. У перапынках паміж баямі парыскія вуліцы й пляцы чулі цудоўны Ахілаў голас. Ён сьпяваў для сваіх жаўнераў на дзесяці мовах, але з асаблівым пачуцьцём – беларускія песьні на вершы Яна Чачота.

Ягоная песьня абарвалася на пяцідзесятым годзе жыцьця. Паміраючы ад ранаў, ён мроіў Вільню.
XS
SM
MD
LG