Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...Навошта Мілінкевіч так кажа? Навошта ён будзе адмаўляцца ад паўнамоцтваў?"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў - 27 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар:) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Увесь тыдзень Радыё Свабода інфармавала сваіх слухачоў і выказвала заклапочанасьць сваіх карэспандэнтаў аб арышце КДБ чатырох актывістаў арганізацыяў па назіраньню за выбарамі. Тады як вы пракамэнтуеце дзеяньні гэтых беларускіх “змагароў за свабоду”, у якіх ужо знайшлі гатовыя вынікі экзыт-пола на выбарах прэзыдэнта віленскага аддзяленьня амэрыканскага Інстытуту Гэлапа, дзе значыцца, што на выбарах прагаласавалі: за Мілінкевіча – 53%, за Лукашэнку – 41%, за Гайдукевіча – 1,2%, за Казуліна – 3,8%. І ўжо стаіць дата 19 сакавіка 2006 году. Гэта ўсё было паказана на беларускім тэлебачаньні 26 лютага 2006 году ў нядзелю ў 20 гадзін у перадачы “В центре внимания”. І як пасьля гэтага вы пракамэнтуеце вашыя паведамленьні аб выніках апытаньня таго самага Інстытуту Гэлапа на рэфэрэндуме 2005 году, што супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі прагаласавалі 51%? Я думаю, што гэтых гора-рэвалюцыянэраў трэба па ўсёй строгасьці пакараць, каб у будучым іншым было непанадна такія подласьці ўчыняць для рэспублікі”.

(Валер Шаўчэнка, Наваполацк:) “Лічу рэгістрацыю Мілінкевіча і Казуліна ў якасьці ў кандыдатаў у прэзыдэнты не падставай да чаркі і шкваркі. Лукашэнка да часу гуляе ў паддаўкі і задаволены, што прэтэндэнты-дэмакраты легітымізуюць ягоную наступную “элегантную перамогу”. Апазыцыя ўпусьціла шанец, калі пагадзілася з новым Выбарчым кодэксам, па якому ўвогуле працаваць нельга. Ён наўмысна ня мае канкрэтыкі і дакладнасьці, акрамя бязьмежнага набору правоў улады. Каб абараніць пэўны бок ад паразы цэнтральная выбарчая, інакш надзвычайная, камісія прыняла ажно каля 40 пастановаў, стварыў па сутнасьці іншы дзеючы кодэкс, зразумела ў абыход парлямэнту, які па закону адзіны мае права камэнтаваць і рабіць тлумачэньні. І дэпутаты не абураюцца, не абураюцца і простыя беларусы, якім фактычна забаронена кантраляваць дзеяньні ўлады, якая наўпрост выбірае сябе, мае пэўныя магчымасьці рабіць фальсыфікацыю на ўсіх этапах выбарчай кампаніі. Ва ўмовах пісанага і няпісанага Выбарчага кодэксу дазваляецца чыніць усялякія перашкоды, забароны дэмакратам, весьці сапраўднае паляваньне на сяброў ініцыятыўнай групы, запалохваць грамадзян-выбаршчыкаў, якіх цынічна і жорстка папярэдзілі, што публічная крытыка ці скаргі на ўладу будуць мець крымінальныя наступствы. Гэта ўвогуле перакрэсьлівае астатнія правы грамадзян выбаршчыкаў. Таму ўсё ціха, быццам за кратамі ці на пахаваньні. У гэтых умовах, калі рыхтаваная масавая фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня ня выведзе беларусаў на вуліцу, выйграць у дзеючага рэжыму немагчыма”.

(Ян Савіцкі, г. Баранавічы:) “Як сёньняшнія кандыдаты ў прэзыдэнты бачаць такую праблему як уцечка мазгоў, дакладней, інтэлекту, за межы Беларусі? І як яе будуць вырашаць у выніку іх абраньня?”

(Спадарыня:) “З газэты даведалася, што Мясьніковіч з 20 лютага выдаў распараджэньне, у якім усе супрацоўнікі Акадэміі Навук павінны прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах датэрмінова! Ці гэта не нахабства? Як кажуць: “Прыехалі!” Што робіцца ў краіне? Аб гэтым павінен увесь сьвет ведаць, як у Беларусі пугай заганяюць людзей на датэрміновае галасаваньне, каб потым у таямніцы забясьпечыць так званую “элегантную перамогу”. Аб якой празрыстасьці і дэмакратычнасьці тут можна гаварыць, аб чым увесь час гавораць памагатыя. Назіральнікі, асабліва ад СНД, зьвярніце ўвагу на гэтае беззаконьне, бо ў Мясьніковіча абавязкова знойдуцца пасьлядоўнікі. Ня трэба з выбараў рабіць пасьмешышча!”

(Віталь Паўлавіч:) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Хачу праз вашае радыё зьвярнуцца да кандыдатаў ад апазыцыі, Мілінкевіча і Казуліна. На беларускім тэлебачаньні суцэльная прапаганда, а кандыдаты ад апазыцыі маўчаць – ні водная улёткі, ні воднага выказваньня. Я б параіў ім больш актыўна уключыцца ў працу, каб была нейкая альтэрнатыва дзеючаму прэзыдэнту, каб яны не сядзелі склаўшы рукі. Вось такое маё пажаданьне”.

(Спадар:) “Вось пракамэнтуйце, калі ласка, калі вы “Свабода”, канечне, анэкдот. Паказалі, як у Амэрыцы нэафашысты з фашысцкімі лёзунгамі, з фашысцкай свастыкай праходзяць па вуліцы маршам, выкрыкваюць, і як іх ахоўвае паліцыя! Во як! А тыя, хто пратэстуе супраць гэтага, арыштоўваюць і зьбіваюць.

І, па-другое, пракамэнтуйце. Буш зноў запрасіў мільярды рублёў на чарговую бойню, у тым ліку, каб забіваць людзей. Як вы патлумачыце гэтыя факты? А то вы зноў пачалі старыя казкі расказваць пра Сталіна. Да ведаем мы ўсё пра Сталіна! Ведаем, што гэта быў вылюдак. Я сам быў пры гэтым, магу, што заўгодна расказаць па гэтаму пытаньню. Ведаем мы гэта! Вы лепш раскажыце пра факт, што ўжо знайшлі дакумэнты, што ўжо перамог Мілінкевіч, ужо пратаколы запісаныя заднім чыслом. Што гэта такое? Патлумачце вы, “Свабода”!”

(Анастас Семяновіч:) “Шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! Хачу задаць пытаньне свайму глыбока паважанаму земляку Алесю Пашкевічу. Ня трэба верыць ніякім абяцаньням бальшавікоў-лукашыстаў, акрамя хлусьні яны ні на што ня згодныя. Другое пытаньне: якая ў вас сям’я?

А зараз пытаньне да вас. Раней вы паведамлялі, што Кангрэс Амэрыкі паведаміць рахункі нашага галоўнага начальніка Беларусі. Калі ёсьць якія навіны па дадзенаму пытаньню, калі ласка, паведаміце нам, слухачам Радыё Свабода”.

(Спадар:) “Прачытаў у газэце “Народная Воля” недзе месяц таму, што Лябедзка, Гразнова падалі скаргу ў Вярхоўны суд аб несапраўднасьці рэфэрэндуму і прызначэньні выбараў. І ніякага адказу няма. І вось сёньня чуў, што Грыб з Казуліным падалі скаргу ў Канстытуцыйны суд. Колькі ж можна ўсё ім падаваць, а яны не адказваюць! Што гэта дасьць, не разумею я?”

(Спадар:) “Я зьвяртаюся да Аляксандра Мілінкевіча. Калі ласка, раскажы пэнсіянэрам, што будзеш рабіць з гаспадаркай. Бо ёсьць прапаганда лукашысцкая, кажуць, што калі Мілінкевіч будзе прэзыдэнтам, яны будуць абкладзеныя падаткамі. Раскажы, калі ласка, дакладней пэнсіянэрам, якія жывуць на вёсцы”.

(Спадар:) “Хацелася б пажадаць спадару Мілінкевічу, каб атрымаў перамогу на выбарах. Буду галасаваць за яго.

Наконт выступу Мілінкевіча па тэлебачаньню хацелася б сказаць наступнае. Калі чалавек балятуецца ў прэзыдэнты і кажа, што ён адмовіцца ад часткі сваіх паўнамоцтваў на карысьць нейкай масы нявызначанай, як ён мяркуе, гэты чалавек прыцягне да сябе ўвагу? Навошта Мілінкевіч так кажа? Навошта ён будзе адмаўляцца ад паўнамоцтваў? Трэба, каб у першы тэрмін прэзыдэнцтва наадварот было больш паўнамоцтваў, каб дэмакрат ня быў слабым прэзыдэнтам, быў моцным”.

(Спадар:) “Хацеў бы запытаць у спадара Мілінкевіча, ці зьбіраецца ён у першыя тры месяцы кіраваньня распусьціць цяперашні парлямэнт і зрабіць выбары на шматпартыйнай аснове? Ці ён зьдзейсьніць тыя самыя памылкі, што і зьдзейсьніў Юшчанка ва Ўкраіне?”

(Спадар:) “Толькі што праслухаў па радыё выступленьні абодвух кандыдатаў. Дык вось, Казулін 8 хвілін не дагаварыў, а Мілінкевіч 12. Ім што ўрэзалі? Гэта ж быў запіс. Ці ім гаварыць няма чаго? Трэба больш крытыкі! Тут ёсьць пра што казаць! Якая сьмяротнасьць, якія кошты стабільна высокія на лекі, на прадукты! Якая мэдыцына! Мэдыцына ператварылася ў фабрыку сьмерці ў нас! Каб здаць аналіз крыві, трэба паўтары месяцы чакаць выніку, а то і больш. А калі бясплатна, то табе адразу зробяць. Вось табе і бясплатная мэдыцына! Ёсьць пра што казаць! Ім далі 30 хвілін, а яны ня могуць выказацца. А калі ім урэзалі час – дадаць, ня трэба губляць ні воднай хвіліны! Пракамэнтуйце ўсё гэта”.
XS
SM
MD
LG