Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачало вяшчаньне "Эўрапейскае радыё для Беларусі"


Алена Струвэ, Прага Выйшлі ў эфір першыя праграмы "Window to Europe (Акно ў Эўропу)” у рамках праекту “Эўрапейскае Радыё для Беларусі”. Паводле кіраўніка праекту і кіраўніка нямецкага холдынгу Media Consulta Гаральда Цулаўфа, гэты разам з Радыё Свабода, Нямецкай хваляй, Радыё Палёнія і Радыё Швэцыя, новы мэдыйны праект Эўракамісіі “з’явіцца чарговай крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі, патрэбу ў якой адчуваюць многія жыхары Беларусі”.

Паводле кіраўніцтва бэрлінскага холдынгу, праграмы "Window to Europe (Акно ў Эўропу)” будуць мець пэўныя адрозьненьні ад вядомых згаданых перадачаў. Яны разьлічаныя пераважна на моладзь і будуюцца ў адпаведнасьці з інтарэсамі гэтай аўдыторыі. У праграмах будзе гучаць шмат музыкі, яны будуць распавядаць пра штодзённае жыцьцё эўрапейцаў, пра іхныя захапленьні, культуру, спорт. З улікам таго, што паступова ўсё больш і больш моладзі ў Беларусі мае доступ да Інтэрнэту, новыя тэле- і радыёпраграмы можна будзе шукаць ня толькі праз спадарожнік, праз звыклыя кароткія хвалі, але глядзець і слухаць на вэб-старонках: www.belradio.fm і tv.rtvi.ru.

(Цулаўф: ) «Калі гаварыць пра радыёпраграмы, якія будуць рыхтаваць беларускія журналісты з Эўрапейскага радыё, то іх можна пачуць ня толькі на кароткіх хвалях, але таксама і на сярэдніх, у FM-дыяпазоне. Гэта будзе частата 103, 4. Гэтае FM-вяшчаньне, разьлічанае на невялікую адлегласьць, будзе ахопліваць некаторыя раёны ў Берасьцейшчыны. Вяшчаньне будзе ісьці з Польшчы праз адну з тамтэйшых радыёстанцыяў. Мы таксама спадзяемся і на ўвядзеньне другой частаты. У любым выпадку для радыёперадаваньня існуюць вельмі добрыя тэхнічныя магчымасьці»

Што тычыцца тэлевізійных праграмаў, то, паводле Гаральда Цулаўфа, іх будуць рыхтаваць маскоўская каманда адзінага незалежнага ў Расеі тэлебачаньня RTVi ды журналісты нямецкага тэлеканалу ZDF. Карэспандэнты нямецкага тэлеканалу будуць рабіць рэпартажы з самых розных краінаў ЭЗ. Тэлесыгнал новых тэлеперадач будзе ісьці з Масквы і праз перадатчык у Кёльне рэтранслявацца ў Беларусі. Мова будучых праграмаў, якія рыхтуюцца на RTVi, расейская. Сюжэты нямецкага ZDF будуць дублявацца субтытрамі па-беларуску. Што да радыёперадачаў, то яны будуць выключна беларускамоўнымі. Спадар Цулаўф падкрэсьліў, што тыя радыёперадачы “Акно ў Эўропу”, якія можна пачуць цяпер, ёсьць пілётнымі. Сапраўдныя паўнавартасныя праграмы пачнуць перадавацца непасрэдна напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG