Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давераныя асобы Аляксандра Казуліна сустрэліся з выбарцамі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну Меншчыны адбылася першая сустрэча з выбарцамі давераных асобаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.

У мясцовым Доме культуры сабралася каля 200 чалавек. Перад аўдыторыяй выступілі давераныя асобы кандыдата Мечыслаў Грыб і Ўладзімер Нісьцюк.

Падчас сустрэчы старшыня мясцовай выбарчай камісіі забраў некалькі партрэтаў Аляксандра Казуліна, на якіх, маўляў, не было выходных дадзеных. Старшыня выбаркаму прыгразіў, што накіруе скаргу ў Цэнтравыбаркам. Мечыслаў Грыб патлумачыў, што згаданыя партрэты выкарыстоўваліся падчас збору подпісаў. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі таксама кіраўнікі некалькіх прадпрыемстваў.

(Грыб: ) “Чакалі Казуліна, зразумела, і хацелі б яго бачыць. І пыталіся, ці зможа ён да іх прыехаць. А я кажу, ну што ж зробіш, калі так мала часу, а столькі вялікіх гарадоў ды яшчэ пасёлкаў”.

У Аляксандра Казуліна і ягоных давераных асобаў гэтаксама заплянаваны сустрэчы з выбарцамі ў Горадні і Віцебску. Якія ж высновы з першай агітацыйнай сустрэчы ў Дружным?

(Грыб: ) “Выбаршчыкі хочуць бачыць, хочуць чуць. У іх свае балячкі, свае праблемы. Трэба гэта ўсё ўлічваць. Выступоўца павінен быць больш канкрэтным і “заземленым” на канкрэтную аўдыторыю. І людзі зараз не ўспрымаюць агульных словаў, што мы нешта палепшым, нешта зробім. Людзі пытаюцца: “А як вы гэта зробіце?”. Людзі дапытваюцца”.
XS
SM
MD
LG