Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ня хоча ў 2008 годзе пераходзіць на “саюзны рубель”.


Юлія Шарова, Менск Пра гэта заявіў першы намесьнік старшыні расейскага Цэнтрабанку Аляксей Улюкаеў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску па выніках паседжаньня кіраўнікоў цэнтральных банкаў краінаў ЭўрАзЭС.

Згодна зь міжурадавым пагадненьнем пра стварэньне гэтак званай саюзнай дзяржавы, Беларусь ад 1 студзеня 2005 году мусіла перайсьці на расейскі рубель. А яшчэ праз тры гады, ад 1 студзеня 2008 году, меркавалася ўвесьці нейкую адзіную для дзьвюх краінаў грашовую адзінку. Расейскі рубель ня ўведзены, аднак кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч нядаўна заявіў пра тое, што трэба імкнуцца да выкананьня пункту пагадненьня пра пераход на “саюзны рубель”.

Са словаў першага намесьніка старшыні Цэнтрабанку Расеі Аляксея Улюкаева, праца ў справе валютнай інтэграцыі працягваецца. Але пацьвердзіць сваю гатовасьць адмовіцца ад уласнага рубля Расея ня можа.

(Улюкаеў: ) “Што тычыцца меркаванай адмовы Расейскай Фэдэрацыі ад сваёй нацыянальнай грашовай адзінкі, такіх думак ніколі не было. Ніякіх абяцаньняў на гэты конт Расейская Фэдэрацыя не давала й пацьвярджаць іх, канечне ж, ня можа”.

Досьвед спробаў валютнай інтэграцыі з Расеяй, тым ня менш, яшчэ спатрэбіцца, – кажа кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч. Бо кіраўнікі цэнтральных банкаў краінаў ЭўрАзЭС працягваюць абмяркоўваць магчымасьць увядзеньня “эўразійскага рубля”.

(Пракаповіч: ) “Мы назапасілі значны досьвед у адпрацоўцы сыстэмы захадаў, якія неабходныя для таго, каб увесьці адзіную валюту. І гэты досьвед спатрэбіцца нам у тым ліку і ў межах Эўразійскай эканамічнай супольнасьці”.

Былы старшыня Нацбанку, эканаміст Станіслаў Багданкевіч лічыць такія заявы станоўчымі: Беларусі ня трэба адмаўляцца ад сваёй валюты. “Эўразійскі рубель” экспэрт называе магчымым, аднак у гэтым выпадку Беларусь павінна лепей узважыць пэрспэктывы.

(Багданкевіч: ) “Любы досьвед трэба выкарыстоўваць, у тым ліку й не падпісваць ужо з ЭўрАзЭС аналягічных пагадненьняў, якія потым немагчыма рэалізаваць. Калі гэты досьвед меў на ўвазе Пракаповіч, я яго падтрымліваю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG