Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Балтыйскія Хвалі у нядзелю пачало трансляцыю перадачаў на Беларусь


Тацяна Поклад, Вільня Літоўская радыёстанцыя Радыё Балтыйскія Хвалі пачала трансляцыю беларускіх ранішніх праграмаў Эўрапейскага радыё для Беларусі на сярэдніх хвалях на частаце 612 кілягэрцаў. Навіны, музыка, інфармацыя пра Эўропу для беларускіх слухачоў будуць гучаць у эфіры штодня, адразу па заканчэньні ранішняй праграмы радыё “Свабода” у жывым эфіры.

Літоўскае Радыё Балтыйскія Хвалі удзельнічае у праекце Эўразьвязу, накіраваным на падтрымку незалежных беларускіх электронных СМІ. Зь Вільні ажыцьцяўляецца трансляцыя на сярэдніх хвалях. Каардынатар праектаў незалежнай грамадзкай установы “Радыё Балтыйскія Хвалі”, былы літоўскі парлямантар Рымантас Пляйкіс кажа:

(Пляйкіс:) “За паўтары гады задума рэалізавалася, магчыма, ня зусім так, як мы плянавалі, аднак усё адно сёньня – радасны дзень, бо ужо на Беларусь транслююцца перадачы Эўрапейскага радыё для Беларусі. Наш канал гучыць у эфіры болей за 6 гадоў, ён ужо, так бы мовіць, “сагрэты”, вядомы, на гэтай частаце слухаюць беларускую “Свабоду”, так што гэтая частата выдатна надаецца для перадачы “Акно у Эўропу” .”

Першая перадача “Акно у Эўропу” Эўрапейскага радыё для Беларусі прагучала на сярэдніх хвалях на частаце Радыё Балтыйскія Хвалі (612 кілягэрцаў) у нядзелю раніцай. Гадзінная перадача пачынаецца а 8-ай раніцы па менскім часе, праз некалькі сэкундаў пасьля заканчэньня ранішняй праграмы беларускай “Свабоды”.

(Пляйкіс:) “Я спадзяюся, што Эўразьвяз працягне фінансаваньне гэтага праекту, які, дарэчы, маюць намер падтрымаць і ЗША, і пазьней абавязкова зьявіцца магчымасьць для новых сродкаў трансляцыі ў Літве і іншых мясцовасьцях непадалёк ад Беларусі. Толькі у гэтым выпадку радыёпраграмы будуць добра чутныя па ўсёй Беларусі.”

"Радыё Балтыйскія Хвалі" пачало сваю працу ў студзені 2000 году ў Вільні на сярэдніх хвалях (частата 612 кілягэрцаў). У 2000 – 2001 гадох Балтыйскія Хвалі трансьлявалі беларускамоўныя праграмы Радыё Свабода, Радыё Палёнія, Радыё Рацыя, Літоўскага Радыё і ўласныя праграмы віленскай рэдакцыі. Цяпер на гэтым радыёканале трансьлююцца беларускія праграмы Радыё Свабода і Радыё Палёнія і новастворанага Эўрапейскага Радыё для Беларусі.
XS
SM
MD
LG