Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзельскія актывісты трапілі на допыт у пракуратуру


Міхал Стэльмак, Менск На Мядзельшчыне спроба актывістаў дэмакратычнага руху абскардзіць мэханізм фармаваньня ўчастковых камісіяў скончылася для іх выклікам у пракуратуру

Канфлікт паміж мядзельскімі дэмакратамі і ўладамі цягнецца ад студзеня. Зьміцер Вінаградаў і Андрэй Абалевіч, прадстаўнікі мясцовага штабу Аляксандра Мілінкевіча, зьвярнуліся ў пракуратуру, каб абскардзіць мэханізм фармаваньня ў раёне ўчастковых камісіяў. Аднак дзеяньні пракуратуры выклікалі ў аўтараў звароту зьдзіўленьне.

(Вінаградаў: ) “Па-першае, па нашай заяве пракурору, канкрэтна па кожным пункце, была спроба даказаць, што мы ня ведаем законаў і што не варта было гэтага рабіць, і ўвогуле мы нібыта зьняважылі райвыканкам гэтымі заявамі”.

У пракуратуры пацьвердзілі, што спадары Вінаградаў і Абалевіч, насамрэч, выклікаліся на размову, зьвязаную са скаргай. Гэтую размову з дэмакратамі вёў сьледчы Віталь Афанасенка:

(Афанасенка: ) “Ледзь не цэлы дзень мы зь імі гаварылі. Для перакладу іх заяваў на “юрыдычную мову” патрэбна было шмат часу”.

Сьледчы Афанасенка сьцьвярджае, што паводзіў сябе з заяўнікамі карэктна. Аднак у апошніх – іншае ўражаньне ад наведаньня пракуратуры.

(Абалевіч: ) “Атрымалася, што мы як быццам яшчэ й вінаватыя. Нас дапытвалі. І галоўнае – не па сутнасьці праблемы, каб усё высьветліць, а наадварот, каб мы адмовіліся. Запалохвалі, што ёсьць Крымінальны кодэкс, артыкул аб зьнявазе службовых асобаў. Я запытаў у сьледчага: “Растлумачце, калі ласка, што нам можа быць паводле Крымінальнага кодэксу?”. І ён адказаў: вялікі штраф альбо турэмнае зьняволеньне”.

Паводле мядзельскіх актывістаў штабу Мілінкевіча, яны толькі спрабавалі дамагчыся аднаўленьня справядлівасьці. Рэч у тым, што падчас фармаваньня ўчастковых камісій у іх ня быў уключаны ніводзін дэмакрат. Аднак прычыну такога рашэньня, паводле спадароў Абалевіча і Вінаградава, райвыканкам як сьлед не патлумачыў. Чыноўнікі толькі паведамілі, што ў склад камісій былі прызначаныя асобы са “станоўчай рэпутацыяй”. Таго ж Зьмітра Вінаградава такая пазыцыя мясцовай улады абурае:

(Вінаградаў: ) “Што мы, адмоўна характарызуемся? Хто браў нашы характарыстыкі па месцы працы альбо жыхарства? Хто пытаўся ў мяне: ці маю я досьвед выбарчай кампаніі? Пакрыўдзілі нас – атрымліваецца, што мы нейкія ненармалёвыя. Гэта і было прычынай падачы заявы ў пракуратуру”.
XS
SM
MD
LG