Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на конкурсе “Эўрабачаньне-2006” будзе прадстаўляць Паліна Смолава


Ігар Карней, Менск Сёньня стала вядома, хто будзе выступаць ад Беларусі на песенным конкурсе “Эўрабачаньне-2006” у Афінах. Як і прагназавалі спэцыялісты, 18-20 траўня вывесьці Беларусь у фінальную частку фэстывалю паспрабуе Паліна Смолава – пераможца конкурсу маладых выканаўцаў “Славянскага базару-2005”. Нагадаем, што дзьве папярэднія спробы плёну ня мелі: два гады таму дэбют барысаўскага дуэту “Аляксандра і Канстанцін” азмрочыўся 19 месцам, летась Анжаліка Агурбаш на стадыі паўфіналу была 13-й.

Ад першапачатковых васьмі дзесяткаў ахвотных уключыцца ў барацьбу за пуцёўку ў Афіны журы на чале з Міхаілам Фінбэргам пакінула 15 канкурсантаў. Пасьля чарговай фільтрацыі засталіся тры выканаўцы – Паліна Смолава, Алена Грышанава і гурт “Лявоны”. Мала хто сумняваўся, што пераможа менавіта Смолава: летась яна саступіла дарогу на Кіеў больш моцнай (перадусім, фінансава) канкурэнтцы – Анжаліцы Агурбаш. Дарэчы, Агурбаш, як і ейны прадусар і муж у адной асобе Мікалай Агурбаш, па-ранейшаму лічаць: канкурэнтаў у Анжалікі няма і быць ня можа.

(Мікалай Агурбаш: ) “Я прыкладам, нікога вартага ня ведаю”.

(Анжаліка Агурбаш: ) “А і ведаць ня трэба: няхай усе ведаюць толькі адну сваю зорку, а больш нікога і не патрэбна”.

(Мікалай Агурбаш: ) “Гэта так. Нельга зрабіць артыста за тры месяцы. Артыстам трэба нарадзіцца. Усё гэта поўная лухта. Гэта ўжо зразумелі ўсе і ўсюды. Прапанаваная сыстэма ненатуральная. Нельга зрабіць зорку за нейкі час. Гэта ўнутраны стан чалавека. Гэты чалавек павінен быць лепшы за іншых у чымсьці. Прынамсі, у творчасьці”.

Паліна Смолава – ня новы чалавек на беларускай эстрадзе. Яна пераможца конкурсу маладых выканаўцаў “Славянскі базар-2005”, пастаянна бярэ ўдзел у прапагандысцкіх канцэртах кшталту “За Беларусь!”, летась у складзе дэлегацыі БРСМ гасьцявала на фэстывалі моладзі і студэнтаў у Вэнесуэле. Крытыкі не сумняюцца, што дзяржава актыўна падтрымае сваю прадстаўніцу і маральна, і матэрыяльна. Аднак лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка перакананы: спробы дзяржавы дэлегаваць на конкурс праверанага і лаяльнага чалавека ўрэшце толькі шкодзяць і артыстам, і іміджу краіны.

(Хаменка: ) “Узгадайце, якім правалам завяршыўся выступ у мінулым годзе. Але я перакананы: скончыцца такая ўвага да тых, хто едзе на “Эўрабачаньне” – будзе лепей. Бо была надзвычайная ўвага да дуэту “Аляксандры і Канстанціна”, яшчэ больш надзвычайная – да Анжалікі Агурбаш. Дык вось, калі толькі гэты дзяржаўны кантроль за выканаўцамі будзе аслаблены, усё будзе нармалёва, а ў пэрспэктыве паедуць на “Эўрабачаньне” і беларускамоўныя выканаўцы”.

Прадстаўнік беларуска-расейскага шоў-бізнэсу Юры Падольскі, бацька і прадусар мінулагодняй удзельніцы “Эўрабачаньня” ад Расеі Натальлі Падольскай, салідарны з Алегам Хаменкам: пакуль за таленты будуць адказваць чыноўнікі, міжнароднага прызнаньня Беларусі давядзецца чакаць доўга.

(Падольскі: ) “Чыноўнікі, як вы разумееце, працуюць не дзеля перамогі, не дзеля прэстыжу дзяржавы. А толькі дзеля ўласнага інтарэсу. У іх разуменьні беларуская культура, беларускі шоў-бізнэс – гэта бубен, лапці і саламяны капялюш. Мінуў год. Якіясьці зьмены павінны быць?! Бо для краіны і даўней, і цяпер вельмі важны прэстыж. Ня толькі 6 мільёнаў тонаў хлеба сабраць, ня толькі перамагчы ў хакей. “Эўрабачаньне” – гэта такі ж спорт, толькі спэцыфічны. Ну, ёсьць жа мастацкая гімнастыка – сынтэз мастацтва і спорту. І спаборніцтва, як бы хто ні казаў, досыць прэстыжнае”.

У той час, як на пасьлясавецкай прасторы “Эўрабачаньне” выклікае падвышаны ажыятаж, у бальшыні эўрапэйскіх краінаў ягоны рэйтынг зусім невысокі, а ўласна конкурс разьлічаны, як кажуць, на “хатніх гаспадыняў”. Паводле дасьледаваньняў, большасьць заходнеэўрапэйскай моладзі пра існаваньне такога фэстывалю ўвогуле не падазрае.
XS
SM
MD
LG