Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы злоўленыя беларускія махляры, якія кралі з банкаматаў грошы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У мінулыя выходныя ў Беластоку арыштаваныя двое беларусаў, якія выкарыстоўваючы падробленыя банкаўскія карткі, здымалі ў банкаматах вялікія сумы грошай. Паліцыя адзначае надзвычай высокі прафэсіяналізм гарадзенскіх махляроў - каб іх затрымаць, спатрэбілася некалькі месяцаў працы.

У часе затрыманьня каля аднаго зь беластоцкіх банкаматаў, грамадзяне Беларусі мелі 27 падробленых картак і каля 5 тысячаў даляраў, але паліцыя лічыць, што сумы, якімі яны завалодалі шляхам махлярства - значна вышэйшыя.

Гарадзенцы ва ўзросьце 24 і 28 гадоў прыяжджалі ў Беласток цягам некалькі месяцаў нават па некалькі разоў на тыдзень. За адзін раз у Беластоку яны здымалі ў банкаматах каля ад 6 да 15 тысячаў даляраў, а калі ехалі ў Варшаву - гэта магло быць нават 30 тысячаў у дзень.

Паліцыя падкрэсьлівае, што невядома як, але махляры здабывалі PIN-коды да картак, якія маглі належаць да канкрэтных асобаў, так што некаторыя яшчэ могуць даведацца, што зь іх рахункаў зьніклі грошы.

(Паліцыянт: ) "Мы чакаем сыгналаў ад жыхароў гораду, якія маглі быць ахвярамі злачынцаў зь Беларусі", - заявіў прадстаўнікі беластоцкай паліцыі.

Паліцыянты кажуць, што цяпер беларусаў дапытваюць, спрабуючы найперш высьветліць, ці працаваў зь імі нехта яшчэ, і як злачынцы атрымлівалі коды да картак.
XS
SM
MD
LG