Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя хоча падвысіць візы, Цэнтральная Эўропа супраць


Радыё Свабода Міністры замежных справаў цэнтральнаэўрапэйскіх краінаў-сябраў Эўразьвязу выступаюць супраць плянаў амаль удвая падвысіць кошт візаў на ўезд на тэрыторыю Зьвязу для грамадзянаў трэціх краінаў. Дыскусіі па гэтай праблеме адбыліся сёньня на нарадзе кіраўнікоў МЗС краінаў Зьвязу. Францыя прапанавала са студзеня 2007 году падвысіць з 35 да 60 эўра цану візаў для ўезду на адзіную тэрыторыю Зьвязу. Парыж тлумачыць гэта павялічэньнем выдаткаў на новыя тэхналёгіі бясьпекі, такія як біямэтрыя, якія ўжываюцца пры афармленьні візаў.

Польскі, вугорскі, літоўскі і эстонскі міністры замежных справаў прапанавалі зрабіць выключэньне для грамадзянаў Украіны, Малдовы і Беларусі. Польскія прадстаўнікі адзначылі, што 60 эўра за візу – занадта высокая цана для жыхароў краінаў Усходняй Эўропы, яны заяўляюць, што Варшава можа пагадзіцца з прапановай, калі будуць уведзеныя ільготныя, больш танныя візы для студэнтаў і навукоўцаў. Дыпляматы краінаў - новых сябраў Эўразьвязу перасьцерагаюцца, што падвышэньне цэнаў за візы пагоршыць іх адносіны з суседзямі, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз.

Прадстаўнікі Галяндыі на сёньняшняй міністэрскай нарадзе заявілі, што выключэньні з падвышэньня цэнаў на візы могуць быць зробленыя толькі да тых краінаў, якія падпісалі з Эўразьвязам так званую дамову аб рэадмісіі – гэта значыць узялі на сябе абавязак прымаць з Эўразьвязу нелегальных мігрантаў, якія трапляюць у Эўразьвяз праз адпаведную краіну.

Краіны, якія ўступілі ў Зьвяз у траўні 2004 году, пакуль самастойна вызначаюць кошты візаў для грамадзянаў краінаў, што не ўваходзяць у Зьвяз. Аднак з кастрычніка 2007 году ўсе яны ўвойдуць у адзіную візавую прастору Эўразьвязу і цэны на ўезд у любую краіну Эўразьвязу стануць аднолькавыя.
XS
SM
MD
LG