Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне да Казуліна і Мілінкевіча: як будуць выплачвацца пэнсіі?


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў адказваюць прэс-сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка, кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб.

(Спадар: ) “Я зьвяртаюся да Аляксандра Мілінкевіча: калі ён прыйдзе да ўлады — як будзе з пэнсіяй? Ці будзе яна выплачвацца ў час, ці будзе падвышацца, ці падніжацца? Тое ж самае з цэнамі — падвысяцца яны ці зьнізяцца? Пэнсіянэры нешта хвалююцца за гэта”.

Адказвае прэс-сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Пазыцыя Аляксандра Мілінкевіча: пэнсіі ў Беларусі зьмяншацца ня будуць. І пэнсіянэрам, якія атрымліваюць высокія пэнсіі, яны зьмяншацца ня будуць. Малыя пэнсіі будуць падцягвацца да ўзроўню высокіх пэнсіяў. Працоўныя пэнсіянэры ня будуць плаціць падаткаў са сваіх пэнсіяў. Адзін са спосабаў падвысіць пэнсіі — прыватызацыя малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія сёньня прыносяць страты. Зьявіцца магчымасьць сфармаваць інвэстыцыйны фонд, зь якога магчыма і вяртаць уклады, і падвышаць пэнсіі. Рост коштаў будзе адпавядаць росту заробкаў.

Гэтае пытаньне мы адрасавалі таксама Аляксандру Казуліну. Адказвае кіраўнік перадвыбарчага штабу Казуліна Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Спадар Казулін заяўляе, што пэнсіі будуць падвышаныя да ўзроўню цяперашніх пэнсіяў вайскоўцаў. Ёсьць рэальныя рынкавыя мэханізмы — сродкі ад продажу зброі, празь пераразьмеркаваньне бюджэту і г.д. Калі ў нас будзе рынкавая эканоміка, то й кошты будуць рынкавыя. Калі дзяржава хоча зьнізіць кошты, яна можа гэта зрабіць, але тады дзяржава павінна плаціць кампэнсацыю вытворцу. Інакш вытворца разарыцца. На ягонае месца прыйдзе іншы, але будзе прадаваць па значна вышэйшых коштах”.

* * *

(Спадар: ) “Я пастаянны ваш слухач. Мяне цікавіць пытаньне да кандыдата ад дэмсілаў. Падчас вайны былі зьнішчаныя 3 мільёны беларусаў. У зьнішчэньнях актыўны ўдзел бралі людзі пад вашым сымбалем. Мяне цікавіць, ці атрымаюць статус вэтэранаў вайны ўдзельнікі гэтых апэрацыяў, як гэта адбылося ва Ўкраіне й Латвіі?”

(Мажэйка: ) “У сёньняшняй Беларусі прэзыдэнт, кіраўнік дзяржавы мае неабмежаваныя паўнамоцтвы. Ён сам вырашае, каму надаваць нейкі статус, уручае мэдалі й г.д. Пазыцыя і Аляксандра Мілінкевіча, і аб’яднаных дэмакратычных сілаў — абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта, пазбавіць яго г.зв. “імпэратарскіх паўнамоцтваў” і перадаць усю заканадаўчую ўладу парлямэнту. Вырашаць гэтае, пастаўленае слухачом пытаньне, будзе парлямэнт. А гэта азначае: каго людзі абяруць у парлямэнт, такое рашэньне і будзе прынятае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG