Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асобаў, адказных за спорт у Беларусі, пасьля Алімпіяды трэба адхіліць ад пасадаў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — тры тыдні. Але праяваў выбарчай кампаніі на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак ня надта шмат. На мінулым тыдні многія ў Беларусі ўпершыні змаглі ўбачыць на тэлеэкранах кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта: раней пра канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўныя мэдыі збольшага ўвогуле не паведамлялі. Якімі ў такіх умовах могуць быць самі выбары і іхны вынік? На гэтую тэму — большасьць лістоў, якія я адабраў для сёньняшняй размовы.

Пачну зь ліста ад слухача з Полацку, які падпісаўся, відавочна, псэўданімам — Андрэй Полацкі:

“Выбары апазыцыя прайграла. Сярод кандыдатаў самае сьветлае імя — Казулін. Астатнія — акторы добра падрыхтаванага спэктаклю. Гэта выбары бяз выбару. Нашаму народу надакучыла палітычная траскатня. Людзям трэба жыць, працаваць, вучыць дзяцей, а не размахваць бела-чырвонымі сьцягамі на беларускіх майданах. Таму нашы людзі выбіраюць з горшага крыху лепшае. Што тычыцца нашага “бацькі”, то ён, як кіраўнік, мае і станоўчыя, і адмоўныя рысы. Станоўчае — тое, што ён не разбурае дзяржаву, клапоціцца аб тым, каб краіна жыла. Да прыкладу, Беларусь раней завозіла цукар з-за мяжы. А пры Лукашэнку яна цалкам забясьпечыла сябе цукрам, і нават вывозіць у Расею. Альбо тое, што Беларусь наладзіла вытворчасьць уласных аўтобусаў, тралейбусаў, якія ў савецкі час тут не выпускаліся. А адмоўнае — тое, што часам ён гаворыць, нібы яго выбраў увесь народ. Або тое, што многія ягоныя магілёўскія і шклоўскія сябры, калегі ды аднакурсьнікі сталі дзяржаўнымі дзеячамі, атрымалі цёплыя пасады ў Менску. А ўвогуле, паважаныя супрацоўнікі “Свабоды”, усе мы (я маю на ўвазе і вас, і сябе) трымаем кукіш у кішэні, а на большае ня здольныя”.

Нейкі ня надта пераканаўчы ў вас, Андрэй, пералік дасягненьняў цяперашняй улады. Што да вытворчасьці цукру, дык Беларусь заўсёды вырабляла яго дастаткова для ўласных патрэбаў. Але, паколькі цукровыя буракі — сыравіна сэзонная, дык дзеля таго, каб шматлікія цукровыя заводы не прастойвалі бяз працы ўвесну і ўлетку, для іх пастаўляецца вялікая колькасьць трысьняговага цукру-сырцу з Кубы. Гэтак было за савецкім часам, гэтак ёсьць і цяпер.

Альбо вы з гонарам пішаце пра новыя беларускія тралейбусы. А ў Менску сёлетняй зімой тысячы людзей былі ў шоку пасьля шматлікіх выпадкаў, калі пасажыры пасьля паездак на гэтых тралейбусах траплялі ў шпіталь ад удару токам (быў нават адзін трагічны выпадак, калі васямнаццацігадовая дзяўчына загінула).

Ліст ад Васіля Шушыка са Смаргоні. Слухач піша:

“Паважаны Валянцін Жданко. Сярод старых людзей вельмі шмат такіх, якія баяцца, што, калі прэзыдэнтам стане не Лукашэнка, дык у іх узьнікнуць складанасьці з пэнсіяй. Трэба гэтых людзей супакоіць. Людзі не разумеюць самага простага. У жыцьці і ў прыродзе ўсё павінна абнаўляцца — застою быць не павінна. Таму і прэзыдэнтаў трэба мяняць. У Беларусі, лічу, павінна быць дзьвюхпартыйная сыстэма, як у ЗША. Тады і выбары прэзыдэнта ў нас будуць, як у прыстойных народаў. Гэта ж вельмі важна. Пара ўжо паставіць крыж на гэтым махлярстве. Колькі можна лічыць нас за дурных авечак. Нашы людзі ня ведаюць самага элемэнтарнага. Тлумачу ім: “У кабіне для галасаваньня ніхто ня мае права кантраляваць, каго вы там выкрэсьліваеце”. Але яны ўсё роўна ня вераць, думаюць, што нехта за імі сочыць. Ну, нельга ж так усяго баяцца”.

Гэтых людзей, спадар Шушык, зразумець нескладана. Большая частка сёньняшніх вясковых пэнсіянэраў у вас у Заходняй Беларусі — гэта людзі, якія зь дзяцінства памятаюць, як у бацькоў забіралі апошняе і гналі ў калгас. Іхная маладосьць — цяжкая і няўдзячная праца на калгасных палях і фэрмах за “працадні” і паўмяха збожжа. Яны памятаюць, як яшчэ ў 1960-я і 1970-я гады вясковым старым увогуле не давалі пэнсіяў. І вось цяпер, назіраючы, як ледзь зводзяць канцы з канцамі іхныя маладзейшыя суседзі, яны, атрымліваючы 150 тысяч рублёў пэнсіі, адчуваюць сябе заможнымі і прывілеяванымі. Магчыма, упершыню ў жыцьці. І, натуральна, вельмі баяцца страціць гэтыя свае, так бы мовіць, “прывілеі” і “багацьце”. Хоць насамрэч усё гэта выглядае дабрабытам хіба што на тле яшчэ большага жабрацтва тых калгасьнікаў, якія пакуль не дачакаліся пэнсіяў.

Наступны ліст даслаў нам Максім Лыч са Сьветлагорску. Слухач не задаволены тым, як на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё асьвятляецца палітычнае жыцьцё Беларусі. Ён піша:

“Да 1994 году ў Беларусі быў толькі адзін тэлеканал і адна дзяржаўная радыёстанцыя. Але ў іхных праграмах шырока асьвятлялася праца парлямэнту: выбаршчыкі штодня бачылі і чулі сваіх дэпутатаў. І гэта вельмі спрытна выкарыстаў Аляксандар Рыгоравіч. Пасьля таго, як ён стаў прэзыдэнтам, у нас зьявілася шмат тэлеканалаў, і яшчэ больш розных радыёстанцыяў. Але месца для асьвятленьня працы Палаты прадстаўнікоў там чамусьці няма. Усе гэтыя каналы занятыя тым, што глядзець і слухаць, мякка кажучы, брыдка. Чаму так адбылося? Мне здаецца, гэтых дэпутатаў проста сорамна паказваць, бо ўсе яны — прызначаныя. Там няма ніякіх дыскусіяў, пануе аднадумства і ўбоства. А па-другое, зроблена гэта дзеля таго, каб нікога іншага, акрамя Аляксандра Рыгоравіча, выбаршчыкі ня ведалі. Такое ж становішча і вакол мясцовых саветаў. Хаця ва ўсіх абласных і многіх раённых цэнтрах ёсьць свае тэле– і радыёкампаніі, дэпутатаў ад выбаршчыкаў усюды хаваюць”.

Сапраўды, спадар Лыч, выкарыстаўшы ў 1993—1994 гадах шырокі доступ да тэлебачаньня і радыё, набыўшы дзякуючы гэтаму палітычную папулярнасьць і ўрэшце стаўшы прэзыдэнтам, Аляксандар Лукашэнка зрабіў на падставе гэтага своеасаблівыя высновы. Пасьля прыходу яго да ўлады прамыя тэле– і радыётрансьляцыі з Авальнай залі Дому ўрада былі адменены, а пазьней праца парлямэнту і ўвогуле перастала шырока асьвятляцца ў мэдыях. Такім чынам, магчымасьць паўтарыць гэты шлях так званай “раскруткі” ягоныя палітычныя канкурэнты былі пазбаўлены.

Аднак тут варта мець на ўвазе і тое, што Вярхоўны Савет пасьля крушэньня камуністычнай сыстэмы і да першых прэзыдэнцкіх выбараў меў у Беларусі выключна шырокія паўнамоцтвы. Пасьля таго, як улада яго ў 1994 годзе была абмежавана (а тым больш пасьля 1996-га, калі парлямэнт увогуле перастаў выконваць самастойную ролю) — наўрад ці быў сэнс у штодзённых шматгадзінных тэлетрансьляцыях з Авальнай залі.

Наш слухач Алег Валабуеў з Воршы — адзін з тысяч беларускіх заўзятараў, якія на працягу апошніх тыдняў марна чакалі перамогаў беларускіх алімпійцаў. У сваім лісьце на “Свабоду” Алег піша:

“Штодня сачу за Алімпійскімі гульнямі ў Турыне, за выступам нашых алімпійцаў. Сорамна і за іх, і за сваю дзяржаву. Гэта поўны правал. Каго туды паслалі? Нейкіх інвалідаў і пэнсіянэраў, а не падрыхтаваных спартсмэнаў. Маленькая Эстонія, якая ў дзесяць разоў меншая за Беларусь, здабыла тры залатыя мэдалі, а мы — ноль. І гэта пасьля таго, як Беларусь уклала сотні мільёнаў даляраў у лядовыя палацы ва ўсіх абласных і многіх раённых цэнтрах. Дзе ж у такім разе нашы чэмпіёны ў хакеі, у каньках, у кёрлінгу? Чаму пра іх нічога не чуваць? Лічу, што асобы, адказныя за спорт і за падрыхтоўку алімпійцаў, павінны быць адхілены ад пасадаў і аддадзены пад суд за тое, што змарнавалі народныя грошы і падманулі надзеі 10-мільённага народу”.

Перамагаюць, спадар Валабуеў, далёка не заўсёды тыя, у каго шмат лядовых палацаў і гарналыжных комплексаў. І не заўсёды тыя, у каго спорт ператвораны ў дзяржаўную палітыку і ідэалёгію. А наконт адказнасьці… Ня варта забываць, хто ў Беларусі ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт і прызначае ўсіх высокіх спартыўных функцыянэраў. Хто ведае, магчыма, якраз з-за таго, што спорт у сёньняшняй Беларусі — гэта больш, чым спорт, і напаткалі Беларусь гэтыя алімпійскія няўдачы. Адзіны срэбны мэдаль фрыстайліста Дзьмітрыя Дашчынскага становішча не ўратоўвае. Згадайма: у 1970—1980-я гады ў Беларусі не было ні лядовых палацаў, ні гарналыжных комплексаў, ні мільярдных асыгнаваньняў у спорт. А залатыя алімпійскія мэдалі — былі.

На заканчэньне кароткі ліст ад Мікалая Шумілы з Кобрына. Слухач піша:

“Беларусь у параўнаньні са сваімі суседзямі — бедная краіна. Мне здаецца, гэта зьвязана з калгаснай сыстэмай. Разбурылі вёску гэтыя калгасы. З каровы пераходзім на казу. Коней увогуле зьвялі. Гной на палі возяць ледзь ня зь Менску. А бяз гною ня будзе і лою — гэта ж відавочна. Затое колькі пахвальбы, колькі прыпісак. Кожную раніцу слухаю гэта па радыё. Пры Лукашэнку гэтак і далей будзе. Адстанем мы далёка ад сваіх суседзяў. Трэба ратавацца”.

Ад Польшчы і суседніх краінаў Балтыі Беларусь у сваім эканамічным разьвіцьці і ўзроўні даходаў насельніцтва, сапраўды, адстала. Сярэдні паляк зарабляе ўтрая, а сярэдні літовец — удвая больш, чым беларус. І гэта пры аднолькавых коштах на большасьць тавараў. Параўнаньне з суседнімі Расеяй і Ўкраінай уражвае менш — там сярэднія заробкі нязначна вышэй, чым у беларусаў. Але яшчэ некалькі год таму гэтае параўнаньне было на карысьць Беларусі, што беларуская ўлада заўсёды падавала як уласную заслугу.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ганна Гарадзенская з Баранавічаў, Аліна Дуброўская зь Дзяржынску, Віктар Окунь з пасёлка Ула Бешанковіцкага раёну, Ігар Шляхаў з Глыбокага, Алег Сьмяшкоў з Магілёва, Ніна Данілейка з Кіева і Віктар Бута зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG