Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты самвыдату сустрэліся са прадстаўнікамі штабу Мілінкевіча


Радыё Свабода У менскай штаб-кватэры Беларускага Народнага Фронту адбылася сустрэча прадстаўнікоў рэгіянальнага самвыдату зь сябрамі штабу Аляксандра Мілінкевіча. Арганізатарамі імпрэзы выступілі лідэры Цэнтру падтрымкі выдавецкіх ініцыятываў. Мэтай сустрэчы было інфармаваньне выдаўцоў у гарадах і мястэчках Беларусі пра выбарчую кампанію.

Ва ўмовах кантролю ўлады над дзяржаўнымі выданьнямі й перасьледу незалежнай прэсы, рэгіянальны друк набывае выключную ролю ў справе распаўсюду праўдзівай інфармацыі пра хаду выбарчай кампаніі — так патлумачыў мэту сустрэчы адзін зь яе арганізатараў Сяржук Лісічонак.

(Лісічонак: ) “Асноўная мэта — гэта наблізіць асобу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў да мясцовых выданьняў. Яны затым прыйдуць у народ, да якога мы зь Менску яшчэ не змаглі дайсьці”.

Удзел у сустрэчы ўзялі выдаўцы незарэгістраваных малатыражных газэтаў, бюлетэняў, а таксама некаторых інтэрнэт-сайтаў. Сярод іншых былі прадстаўленыя “Шклоўскія навіны”, “Печы сёньня” з Барысава, “Мастоўская праўда” і іншыя — разам больш за трыццаць мэдыяў. На сёньня чытачы рэгіянальных выданьняў маюць вострую патрэбу ў альтэрнатыўнай інфармацыі, кажа выдавец незалежнага студэнцкага бюлетэню “Нефармат” зь Віцебску Віталь Броўка.

(Броўка: ) “Для нашых чытачоў, для моладзі і студэнцтва Віцебшчыны вельмі цікава атрымаць спэцыфічную інфармацыю. Бо зацікаўленасьць у моладзі асобай Аляксандра Мілінкевіча вельмі высокая, а інфармацыі бракуе”.

Прадстаўнікі рэгіянальных выданьняў прасілі сяброў штабу Аляксандра Мілінкевіча адказаць на шэраг пытаньняў, якія тычыліся хады выбарчай кампаніі, пляну дзеяньняў пасьля 19 сакавіка і многія іншыя. Акрамя інфармаваньня, была і яшчэ адна мэта сустрэчы, паведаміў “Свабодзе” прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка.

(Мажэйка: ) “Журналісты ў сваіх рэгіёнах знаходзяцца як бы на пярэднім пляне фронту. На іх скіраваная дзейнасьць рэпрэсіўнага адміністрацыйнага мэханізму. Таму і для іх вельмі важна ведаць, што пра іх памятаюць у Менску, што на іх спадзяюцца, што ім надаюць вельмі важную ролю”.
XS
SM
MD
LG