Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін і Мілінкевіч патрабуюць, каб Лукашэнка зьняўся з выбараў


Радыё Свабода Сёньня прагучалі першыя радыёзвароты да выбарцаў кандыдатаў на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча. Абодва востра крытыкавалі свайго асноўнага суперніка — дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку, які адмовіўся ад права на праграмны радыёзварот да выбарцаў. У пятніцу выступаў толькі Сяргей Гайдукевіч, які крытыкаваў апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта за падрыхтоўку да зьмены ўлады ў Беларусі паводле ўкраінскага рэвалюцыйнага сцэнару, а таксама нэгатыўна ацаніў эканамічную палітыку ўраду.

Аляксандар Казулін заявіў, што спадар Лукашэнка ня мае права балятавацца на прэзыдэнта трэці раз. Акрамя таго, згодна з Выбарчым кодэксам на час кампаніі ён мусіць пайсьці ў адпачынак.

(Казулін: ) “Я абураны такім грубым парушэньнем закону. Атрымліваецца, што Лукашэнка адмахнуўся ад закону як ад мухі. А на самай справе ён ня мае права аддаваць распараджэньні, сядзець у сваім кабінэце, праводзіць нарады, карыстацца службовым транспартам і сувязьзю”.

А.Казулін яшчэ раз запатрабаваў ад А.Лукашэнкі вярнуць у бюджэт грошы за продаж беларускай зброі, каб накіраваць іх на разьвіцьцё культуры, мэдыцыны, на падвышэньне заробкаў і пэнсіяў. Спадар Казулін крытыкаваў ўлады за згортваньне чарнобыльскіх праграмаў, за празьмерную мілітарызацыю грамадзтва, стварэньне сыстэмы запалохваньня і палітычнага вышуку.

(Казулін: ) “Усім надакучыла паказуха і бясконцае лупцаваньне і праверкі вэртыкалі. Чарговы дэкрэт ці ўказ выклікаюць толькі адно пачуцьце — дастаў”.

Спадар Казулін заявіў, што ўлада адгарадзілася ад народу, што кіраўнік краіны не правёў ніводнага прыёму грамадзянаў.

(Казулін: ) “Лукашэнка толькі прыкрываецца такімі сьвятымі словамі, як народ, Беларусь, адзінства, ён лічыць сябе Богам і вырашыў, што Беларусь — гэта ён і ягонае бліжэйшае атачэньне. А вы — ягоныя прыгонныя”.

Спадар Казулін назваў А.Лукашэнку галоўным беларускім алігархам, нестабільнасьцю і небясьпекай, ды заклікаў яго падумаць пра дзяцей і ўнукаў ды сысьці.

(Казулін: ) “Здыміся з выбараў, лепш сысьці першым прэзыдэнтам, чым апошнім дыктатарам Эўропы”.

Іншы кандыдат Аляксандар Мілінкевіч назваў сытуацыю ў Беларусі застоем і заявіў, што цяперашні рэжым пазбаўляе народ усялякіх пэрспэктываў, прыніжае чалавека:

(Мілінкевіч: ) “Трэба паважаць чалавека. Цяперашнія беларускія ўлады не разумеюць гэтага. Іх стыль — канфлікт, хамства, супрацьстаяньне. Яны ўвесь час шукаюць ворагаў, унутраных і зьнешніх”.

Спадар Мілінкевіч заклікаў даць людзям магчымасьць зарабляць, разьняволіць іх ініцыятыву. Ён распавёў пра мэксыканкага дыктатара Парфірыё Дыяса:

(Мілінкевіч: ) “Прыйшоў да ўлады як законна абраны прэзыдэнт. А потым пачалося: спачатку ён перапісаў Канстытуцыю адзін раз, дазволіўшы сабе насуперак закону ісьці на наступны прэзыдэнцкі тэрмін. Потым ён дазволіў сабе пажыцьцёва перавыбірацца. І на народ пляваў. У выніку сем гадоў грамадзянскай вайны і замежная інтэрвэнцыя”.

Аляксандар Мілінкевіч скрытыкаваў міжнародную самаізаляцыю беларускіх уладаў, заклікаў да зьмены ўлады як гарантыі адказнасьці:

(Мілінкевіч: ) “Чаму Лукашэнка ня можа цяпер сысьці, часам яму хацелася б гэта зрабіць, ён стаміўся, ён жахліва пастарэў за апошні час, у яго не засталося ні сяброў, ні блізкіх людзей. Ён усіх і ўсяго баіцца, у яго ўжо пачынае праяўляцца параноя Сталіна, але ён ня можа сысьці, бо яму прыйдзецца адказваць за ўсё”.
XS
SM
MD
LG