Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым сёньня займаліся кандыдаты ў прэзыдэнты?


Радыё Свабода Кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч сёньня рыхтаваліся да сваіх чарговых тэлевыступаў. Аляксандар Лукашэнка зноў свайго тэлевыступу не запісваў. А што рабілі штабы кандыдатаў?

У Сяргея Гайдукевіча была магчымасьць запісаць свой чарговы выступ на тэлебачаньні, які мае адбыцца 1 сакавіка ў 18.30. Аднак ці запісаны новы выступ, у штабе не ўдакладнілі. У прыёмным пакоі спадара Гайдукевіча сказалі, што ўсе сябры штабу працуюць з агітацыйнай прадукцыяй.

(Сакратарка: ) “Восем тон агітацыйнага матэрыялу — і каляндарыкі, і лістоўкі, і плякаты. Можаце сабе ўявіць, які аб’ём інфармацыі трэба разьвесіць, раздаць па кватэрах”.

Штаб спадара Казуліна прыняў таксама рашэньне актывізаваць агітацыйную працу з выбарцамі. Сёньня ў пасёлку Дружным Пухавіцкага раёну ў Доме культуры заплянаваная сустрэча з выбарцамі давераных асобаў кандыдата.

(Нісьцюк: ) “Ад сёньняшняга дня ў нас пачнецца масавая арганізацыя выступаў давераных асобаў, таму што мы добра разумеем, што пры ўсёй павазе да фізычных магчымасьцяў нашых дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты, іх ня хопіць на 118 раёнаў. У нас будзе вельмі разгорнуты, напружаны графік для кожнай даверанай асобы і людзі будуць выяжджаць, выступаць вельмі шмат”.

Спадар Нісьцюк кажа, што выступы Аляксандра Казуліна становяцца небясьпечнымі:

(Нісьцюк: ) “Пасьля яго тэлевізійнага і радыёвыступаў, яго выступы становяцца вельмі небясьпечнымі, таму што ён пайшоў, як кажуць, да канца, спаліў масты. Таму гэтыя выступы для ўладаў вельмі небясьпечныя”.

Паводле прэсавага сакратара штабу Аляксандра Лукашэнкі, Дзьмітры Косьціна, сёньня кандыдат Лукашэнка ня праводзіў ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў.

(Косьцін: ) “Цяпер штаб займаецца аналізам плякатаў, якія падрыхтавалі да выбарчай кампаніі. І канчаткова гэтае пытаньне ня вырашана. Сёньня, магчыма, будуць праведзены сустрэчы давераных асобаў у Берасьцейскай вобласьці”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін заявіў, што ў Цэнтравыбаркам і ў пракуратуру накіраваны скаргі па фактах перашкодаў агітацыі.

(Калякін: ) “На жаль, не рэагуюць на гэта ўлады. Гэта бяспраўе. Гэта ўжо падстава, каб казаць, што выбары зьяўляюцца несапраўднымі і несумленнымі. Таму што аднаго з раніцы да вечара паказваюць усялякія канцэрты, дзе ён купляе выбарцаў і ідзе простая агітацыя за яго па тэлебачаньні, што зьяўляецца прамым парушэньнем заканадаўства. А людзей, якія на падставе Выбарчага кодэксу вядуць агітацыю, іх хапаюць, у іх адбіраюць агітацыйныя матэрыялы. Трэба, каб на сёньняшні дзень было заведзена некалькі крымінальных справаў, бо яны перашкаджаюць свабоднай агітацыі за таго ці іншага кандыдата. На жаль, не прымаюць улады, уключаючы ЦВК, ніякіх мераў, каб гэта спыніць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG